BE RU EN

«Серж» афіцыйна банкрут

  • 23.09.2016, 15:23

Эканамічны суд горада Менска прызнаў банкрутам вытворцу бялізны кампанію «Серж».

Да 19 верасня 2017 года кампанія павінна быць ліквідаваная. Інфармацыя пра гэта размешчаная ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве.

Цяпер у рамках справы аб банкруцтве «Сержа» рэалізуюцца рэшткі гатовай прадукцыі на складзе, а таксама сыравіна і матэрыялы на агульную суму 702,5 тысячы рублёў без ПДВ. Маёмасць прадаецца балансавым коштам адным лотам, піша tut.by.

У сакавіку кампанія «Серж» абвясціла сябе эканамічна незаможнай. Судом была распачатая справа, усталяваны ахоўны перыяд да 9 чэрвеня.

У вызначэнні суда адзначалася, што з пададзеных вытворцам бялізны справаздач балансаў вынікае неплатаздольнасць завінавачанага, якая мае ўстойлівы характар. Крэдыторамі «Сержа» ў пастанове суда названыя «БПС-Ашчадбанк» і «Прыорбанк».

Заява ў суд была пададзеная пасля таго, як былі вычарпаныя ўсе захады ў папярэджанні эканамічнай неплатаздольнасці і дасудовага аздараўлення, прадугледжаныя дзейным заканадаўствам, пісаў заснавальнік кампаніі «Серж» Сяргей Атрошчанка.

У якасці антыкрызіснага захаду, у тым ліку ў мэтах захавання працоўнага калектыву, «Серж», у адпаведнасці з нормамі дзейнага заканадаўства, правёў рэарганізацыю з выстаўленнем новай юрыдычнай асобы ТАА «Серж-Фэшн», якая прадаўжае вырабляць і рэалізоўваць бялізну пад гандлёвай маркай SERGE ў Беларусі і на вонкавых рынках, падкрэсліў Атрошчанка.

Апошнія навіны