Абвінавачванні ў дачыненні да беларускіх весляроў ва ўжыванні мельдонію будуць знятыя
- 2.07.2016, 17:10
Прэс-служба Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) апублікавала новыя звесткі аб тэрмінах вываду мельдонію з арганізма.
Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на афіцыйны сайт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
Дзякуючы настойлівым зваротам у WADA, у тым ліку і з боку беларускага боку, арганізацыя апублікавала новыя звесткі, якія дазваляюць даць рэкамендацыі датычна выпадкаў, калі спартоўцы сцвярджаюць, што ўжывалі рэчыва да ўключэння яго ў спіс забароненых.
Табліцы аб канцэнтрацыі і тэрмінах вывядзення мельдонію з арганізма спартоўцаў размясціла на сваім сайце Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі (НАДА).
Як сцвярджае НАК, гэтыя даследаванні пацвярджаюць факт невінаватасці беларускіх весляроў, якія вядуць падрыхтоўку да Алімпіяды-2016.
Нагадаем, што 12 красавіка на трэніровачнай базе ў французскім Ла Тампль-сюр-Ло быў праведзены ператрус у лагеры каманды Беларусі ў веславанні на байдарках і каноэ. Ператрус быў ініцыяваны антыдопінгавым агенцтвам Парыжа і дазволены пракурорам горада Ажэн з прыцягненнем паліцэйскіх сіл. Тады ж зрабілі абвінавачванні ва ўжыванні мельдонію ў дачыненні да нашых атлетаў.
Да вывучэння сітуацыі падключыліся Нацыянальны алімпійскі камітэт суполна з Беларускай асацыяцыяй каноэ, Мінспорту і Міністэрствам замежных спраў. Былі зробленыя сур'ёзныя крокі для абароны правоў спартоўцаў: накіраваныя адпаведныя прэтэнзіі і запыты ў міжнародныя арганізацыі, запатрабаваныя тлумачэнні.
Праз некаторы час з WADA прыйшоў адказ, што ператрус беларускіх весляроў у Францыі быў правамерным.
А затым вынікам праведзенай работы стала новая заява WADA, у якой паведамляецца, што праведзеныя дадатковыя даследаванні, і ўтрыманне мельдонію менш за адзін мікраграм на мілілітр (1 мкг) у допінг-пробе спартоўца, здадзенай да 30 верасня 2016 года, з'яўляецца дапушчальным. Атлет не панясе пакарання пры ўмове, што не будзе іншых довадаў ужывання ім мельдонію пасля 1 студзеня.
У выпадку, калі канцэнтрацыя рэчыва ад 5 да 15 мкг, а допінг-тэст быў узяты да 1 сакавіка 2016 года або канцэнтрацыя рэчыва складае ад 1 да 5 мкг, але тэст быў здадзены ў перыяд з 1 сакавіка да 30 верасня, антыдопінгавыя арганізацыі могуць звярнуцца у навуковы дэпартамент WADA з мэтай спрыяння працэсу.
Утрыманне мельдонію вышэй 0,1 мкг у допінг-пробе, здадзенай з 1 кастрычніка, прывядзе да дыскваліфікацыі спартоўца ў адпаведнасці з Сусветным антыдопінгавым кодэксам.
У актыве беларускай нацыянальнай каманды 12 алімпійскіх ліцэнзій і 10 медалёў на чэмпіянаце Еўропы ў Маскве, што прайшоў надоечы.
Канчаткова выязны склад каманды на Алімпіяду будзе сфармаваны паводле вынікаў ліпеньскага чэмпіянату Беларусі.
***
Рэчыва мельдоній (прэпарат «Мілдранат») ужывалі ў спорце з мэтай павышэння вынослівасці арганізма да высокіх фізічных нагрузак падчас трэніровак і да высокіх нервова-псіхічным нагрузак падчас спаборніцтваў. У краінах СНД прэпарат выкарыстоўваецца для прафілактыкі сардэчных захворванняў. Мельдоній быў унесены ў спіс забароненых WADA рэчываў з 1 студзеня 2016 года. За час праведзеных даследаванняў станоўчы вынік на гэтае рэчыва далі допінг-пробы амаль 300 спартоўцаў.