Новы галоўнакамандуючы NATO ў Еўропе выступіў за пастаўкі Украіне смяротнай зброі
- 22.04.2016, 16:21
Вашынгтону неабходна пастаўляць Кіеву тую зброю, у якой ён мае патрэбу.
Генерал Керціс Скапароці, які праз некалькі тыдняў павінен змяніць Філіпа Брыдлава на пасадзе кіраўніка Еўрапейскага камандавання NATO і ЗША, выступіў за пастаўкі Украіне смяротнай зброі.
Паводле ягоных слоў, Вашынгтону неабходна пастаўляць Кіеву тую зброю, у якой ён мае патрэбу, у тым ліку супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin, піша «Европравда» са спасылкай на Reuters.
Выступаючы ў Сенаце ЗША, Скапароці адзначыў, што Расея дэманструе «ўсё больш агрэсіўныя паводзіны, што кідае выклік міжнародным нормам і парушае міжнароднае права».
Прынамсі, генерал згодны, што РФ уяўляе найбольшую пагрозу для ЗША, і Вашынгтон павінен устойліва бараніць свае правы.
Нагадаем, раней паведамлялася, што штаб-кватэра NATO анансавала змену вярхоўнага галоўнакамандуючага аб'яднанымі ўзброенымі сіламі альянсу ў Еўропе.
Прынамсі, генерала Філіпа Брыдлава на пасадзе галоўнакамандуючага еўрапейскіх сіл альянсу ў хуткім часе павінен змяніць генерал ЗША Керціс Скапароці.