BE RU EN

Больш за 50 прадпрыемстваў могуць папоўніць спіс банкрутаў

  • 9.02.2016, 10:05

Улады Беларусі адмовяцца ад выратавання безнадзейна стратных прадпрыемстваў.

Крызіс прывёў да росту колькасці дзяржаўных прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх будзе праведзеная працэдура «фінансавага аздараўлення».

Паводле прагнозаў экспэртаў «Беларусь в фокусе», з улікам абмежаваных магчымасцяў бюджэту ў 2016 годзе, падтрымка стратных прадпрыемстваў будзе зніжаная, што прывядзе да банкруцтва 50 і больш прадпрыемстваў, якія не маюць ключавога значэння для эканомікі, піша «Заўтра тваёй краіны».

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у вытворчасці эканамічных судоў на 1 студзеня 2016 года было 70 спраў аб эканамічнай неплацежаздольнасці ў дачыненні да прадпрыемстваў, якія маюць важнае значэнне для эканомікі краіны.

Рост колькасці спраў аб банкруцтве экспэрты ўважаюць следствам пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы. Паводле вынікаў 11 месяцаў 2015 года кожнае пятае прадпрыемства ў краіне было стратным, сума страт у параўнанні з 2014 годам вырасла ў 2,3 раза.

У сельскай гаспадарцы без дзяржпадтрымкі стратныя больш за 65% прадпрыемстваў. Цалкам нерэнтабельныя вытворцы цэменту, акцызная палітыка ў дачыненні да алкаголю прывяла да цяжкага фінансавага становішча прадпрыемстваў галіны, два вытворцы алкагольнай прадукцыі могуць быць прызнаныя фінансава неплацежаздольнымі. Толькі дзякуючы значным бюджэтным уліванням падтрымліваецца жыццядзейнасць шэрагу буйных прадпрыемстваў машынабудавання - МАЗа, МТЗ, Гомсельмаша. Фінансавая дапамога патрабуецца прадпрыемствам металургіі.

У 2016 годзе сітуацыя з падтрымкай дзяржаўных прадпрыемстваў будзе змененая, мяркуюць экспэрты. Асноўнай прычынай з'яўляецца сітуацыя з напаўненнем бюджэту краіны.

«У выніку падзення коштаў нафты ніжэй за ўзровень, на які арыентаваўся ўрад пры складанні бюджэтнага плана, і дэвальвацыі нацыянальнай валюты спатрэбіцца павелічэнне аб'ёму рэсурсаў для вядзення выплат дзяржаўнай запазычанасці, - адзначаецца ў аглядзе «Беларусь у фокусе». - Пры гэтым яшчэ адна запланаваная крыніца даходаў - паступленні ад экспартнай пошліны на нафтапрадукты не дасягне 1,1 млрд. даляраў, што таксама запатрабуе секвеставання расходных артыкулаў бюджэту».

Паводле ацэнкі экспэртаў, сума сродкаў, што накіроўваюцца на падтрымку эканомікі і субсідаванне адсоткавых ставак крэдытаў – адзін з найбольш верагодных артыкулаў бюджэту, паводле якіх магчымая істотная карэкцыя ў бок змяншэння.

Дзяржава сканцэнтруе намаганні на падтрымцы толькі ключавых прадпрыемстваў, якія маюць важнае сацыяльна-эканамічнае значэння для краіны, невялікія прадпрыемствы могуць падпасці пад працэдуру санацыі, а колькасць дзяржаўных прадпрыемстваў, якія могуць падаць заяву аб банкруцтве можа перавысіць 50 адзінак да заканчэння 2016 года, прагназуюць экспэрты.

Апошнія навіны