BE RU EN

За гібель школьніцы на бульбе кіроўцу грузавіка прысудзілі да трох гадоў "хіміі"

  • 23.12.2016, 17:08

Бацькі дзяўчынкі не патрабавалі ў 22-гадовага Паўла Цыбіна кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды.

23 снежня суд Маладзечанскага раёна вынес прыгавор 22-гадоваму Паўлу Цыбіну - кіроўцу грузавіка, пад коламі якога падчас уборкі бульбы загінула 13-гадовая школьніца. Цыбіну далі тры гады "хіміі", паведаміў tut.by праваабаронца Леанід Судаленка.

- У зале суда яго ніхто не затрымліваў, і пасля паседжання ён спакойна сышоў дадому, - распавёў Судаленка. - Цяпер выканаўчая інспекцыя будзе вызначаць месца, дзе ён будзе адбываць пакаранне. Потым па яго прыйдуць і забяруць.

Са словаў суразмоўцы, бацькі дзяўчынкі не патрабавалі ў Цыбіна кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды.

Нагадаем, 29 верасня падчас выканання сельскагаспадарчых работ у СВК "Усход-Агра" загінула вучаніца 8-га класа сярэдняй школы №11 Маладзечна 13-гадовая Вікторыя - на яе наехаў грузавік з бульбай. Дзяўчынка памерла па дарозе ў лякарню.

У дачыненні да кіроўцы Маладзечанскі райаддзел СК распачаў справу паводле прыкмет злачынства, прадугледжаных ч.2 арт.317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

На думку боку абвінавачвання, пасля загрузкі бульбы Цыбін, маючы рэальную магчымасць назіраць у люстэрка задняга выгляду школьніцу, пачаў рух заднім ходам па наезджанай каляіне. Ён праявіў няўважлівасць і не звярнуўся па дапамогу да дарослых, каб тыя сігналізавалі аб сітуацыі ззаду аўтамабіля.

- Я цалкам прызнаю сваю віну і хачу папрасіць у бацькоў прабачэння, - заявіў на папярэднім слуханні хлопец. - Мне з гэтым цяжарам усё жыццё хадзіць. Я ведаю, дзяўчынку не вернеш...

Апошнія навіны