BE RU EN

Столтэнбэрг паабяцаў павялічыць прысутнасць NATO ў Польшчы

  • 18.01.2016, 17:34

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг мяркуе, што прысутнасць NATO на тэрыторыі Польшчы ў найбліжэйшы час павялічыцца.

Пра гэта ён заявіў пасля сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам у Брусэлі 18 студзеня, паведамляе "Польскае радыё".

"Я спадзяюся, што пасля саміту NATO ў Варшаве будзе павялічаная прысутнасць сіл альянсу ў Польшчы", - заявіў Столтэнбэрг.

Ён так падкрэсліў важнасць Польшчы для Альянсу.

"З моманту ўступлення ў NATO Польшча з'яўляецца вельмі моцным і актыўным хаўруснікам. Сотні польскіх жаўнераў знаходзяцца ў Афганістане і Косаве. Таксама Польшча палітычна актыўная ў пытанні Украіны", - дадаў генеральны сакратар NATO.

У сваю чаргу, прэзідэнт Дуда заявіў, што саміт NATO, які адбудзецца ў Варшаве 8-9 ліпеня 2016 года, будзе, па-першае, універсальным, па-другое, скіраваным у будучыню і, па-трэцяе, на ім будуць прынятыя важныя пастановы.

Польскі прэзідэнт таксама адзначыў, што неабходны дыялог з Расеяй. "Аднак гэта не азначае, што NATO можа не звяртаць увагу на праблему парушэння міжнароднага заканадаўства", - адзначыў ён.

Таксама прэзідэнт Дуда паказаў намеры Польшчы ўмацаваць вайсковае супрацоўніцтва з Фінляндыяй, Швэцыяй, Італіяй, Грузіяй і Аўстраліяй.

Раней паведамлялася, што Польшча стане часткай так званага шпіля NATO.

Апошнія навіны