BE RU EN

Сенатары ЗША заклікалі FIFA абраць прэзідэнта, які не будзе патураць Расеі

  • 27.05.2015, 10:01

Уплывовыя амерыканскія сенатары - рэспубліканец Джон Макейн і дэмакрат Роберт Менендэс - звярнуліся да сябраў 65-га Кангрэса FIFA.

Яны заклікалі выбраць 29 траўня прэзідэнта, які не будзе патураць агрэсіўнай палітыцы рэжыму Уладзіміра Пуціна і зможа забраць у Расеі прывілей прымаць Кубак свету ў 2018 годзе. Пра гэта Джон Макейн і Роберт Менендэс напісалі ў адкрытым лісце, тэкст якога даступны на сайце Камітэта міжнародных стасункаў Сената ЗША, піша «Укринформ».

«Праз тое, што прэзідэнт Блатэр прадаўжае падтрымліваць правядзенне Чэмпіянату свету ў футболе-2018 у Расеі нягледзячы на сталыя парушэнні з боку РФ тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама іншыя выклікі архітэктуры бяспекі, усталяванай пасля Другой сусветнай вайны, мы просім вас перагледзець пастанову аб падтрымцы прэзідэнта Блатэра на пяты тэрмін старшынства ў FIFA», - гаворыцца ў звароце сенатараў ЗША да сябраў Кангрэса FIFА.

Амерыканскія заканадаўцы падкрэслілі, што больш за 40 краін, якія ўваходзяць у склад FIFA, увялі санкцыі супраць Расеі з мэтай змяніць развіццё падзей ва Украіне.

«Дазволіўшы Расеі прымаць турнір, FIFA прапануе эканамічную дапамогу рэжыму Пуціну насуперак шматбаковым санкцыям, уведзеным міжнароднай супольнасцю», - адзначаецца ў лісце.

Наступны прэзідэнт FIFА «будзе несці адказнасць за тое, каб забяспечыць не толькі бяспечнае, але і паспяховае правядзенне Кубка свету - 2018, а таксама цвёрдасць місіі FIFA, што закліканая папулярызаваць футбол у глабальным маштабе «ў кантэксце аб'ядноўваючых, адукацыйных, культурных і гуманітарных каштоўнасцяў», - адзначаецца ў дакуменце.

Макейн і Менендэс «настойліва заклікалі» FIFА абраць прэзідэнта, які «будзе падтрымліваць названыя каштоўнасці і працаваць над тым, каб адмовіць рэжыму Пуціна ў прывілеі правядзення Кубка свету 2018 года».

Апошнія навіны