BE RU EN

Парашэнка: Саміт у Рызе ўзмацніў падтрымку Украіны з боку ЕЗ

  • 22.05.2015, 19:55

Краіны ЕЗ прадэманстравалі салідарнасць з барацьбой Украіны за тэрытарыяльную цэласнасць.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што саміт "Усходняга партнёрства" ў Рызе ўзмацніў падтрымку Украіны з боку ЕЗ. Пра гэта паведамляе ЛІГАБізнэсІнфарм са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

"Для нас важна, што незаконная анэксія Крыма і агрэсія ў Данбасе, гэтыя новыя геапалітычныя рэаліі, разглядаліся на ўсіх дыскусіях цягам саміту. Усе дэбаты ўзмацнілі салідарнасць з Украінай. Гэта вельмі важна для нас", - падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Пятро Парашэнка адзначыў, што ў Рыжскай дэкларацыі пацверджаная незаконнасць анэксіі Крыма і Севастопаля. Ён звярнуў увагу на той факт, што ў Дэкларацыі саміту ЕЗ падкрэслівае права кожнай краіны самастойна выбіраць сваю будучыню, свой шлях. "Пацвярджэнне фундаментальных прынцыпаў суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і межаў для нас вельмі важнае", - сказаў Парашэнка.

Прэзідэнт Украіны таксама вітаў прынятую ЕЗ пастанову аб увядзенні праграмы падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу краін "Усходняга партнёрства" і дапамогі ў мадэрнізацыі энэргетычнай сферы, пастанову скончыць падрыхтоўку Пагаднення аб свабоднай авіяцыйнай прасторы. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што падпісанне такога пагаднення стане рэальнасцю цягам 2015 года.

Нагадаем, у Рызе паводле вынікаў саміту "Усходняга партнёрства" прынятая дэкларацыя, якая пацвярджае еўрапейскую перспектыву Украіны. Згодна з дакументам, удзельнікі мерапрыемства прызнаюць еўрапейскія імкненні і еўрапейскі выбар зацікаўленых партнёраў. Аднак пазіцыя краін што да расейскай агрэсіі супраць Украіны не стала маналітнай: у тэксце дэкларацыі Беларусь і Арменія адмовіліся асудзіць анэксію Крыма.

Апошнія навіны