BE RU EN

Акадэмія навук прапануе карміць кароў мармуровымі прусакамі

  • 24.02.2015, 16:03

Беларускія навукоўцы прыдумалі, як развязаць праблему недахопу кармавых бялкоў.

Пра гэта паведаміла малодшая навуковая супрацоўніца лабараторыі наземных беспазваночных жывёл НПЦ НАН Беларусі ў біярэсурсах Кацярына Сетракова, піша БелТА.

«Адна з найважнейшых праблем сучаснасці - недахоп кармавога бялку, неабходнага для кармлення сельскагаспадарчых жывёл. Сёння аснову кармавога рацыёну складае рэчыва расліннага паходжання, праз што ўзнікае неабходнасць узбагачэння кармоў бялковай дабаўкай. У якасці крыніц такіх пратэінавых дабавак выкарыстоўваюцца пераважна прадукты перапрацоўкі расліннага рэчыва. Пры гэтым асноўная іх маса мае імпартнае паходжанне», - распавяла Сетракова.

Новая для Беларусі тэхналогія дазволіць развязаць праблему недахопу бялкоў пры дапамозе казурак кшталту мармуровых прусакоў, якія могуць есці адходы арганічнага паходжання, такім чынам развязваючы другую вострую праблему сучаснасці - утылізацыю прамысловых адходаў. Вынікам такой перапрацоўкі з'яўляецца высокаэфектыўнае ўгнаенне біягумус. Самі ж казуркі могуць стаць кармавым бялком для рыбных гаспадарак, птушкаферм і жывёлагадоўчых комплексаў.

«Мы плануем стварыць біятэхналагічны цэнтр, бо адразу ўкараніць у практычнае прымяненне новую тэхналогію не атрымаецца. У лабараторных умовах неабходна адпрацаваць многія нюансы, напрыклад, стэрылізацыю казурак», - сказала Кацярына Сетракова.

Апошнія навіны