BE RU EN

На льготныя крэдыты больш грошай няма

  • 21.02.2015, 14:02

Урад перагледзеў дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2015 год.

Яе новая версія ўнесеная на ўзгадненне дыктатару. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Саўміна, дзе абмяркоўваліся захады для збалансаванага развіцця эканомікі ў гэтым годзе, паведамляе БелТА.

Аб'ём крэдытавання з дзяржпадтрымкай у 2015 годзе зніжаны на 1,7 мільярдаў даляраў (25,5 трлн рублёў). У выніку дзяржава гатовая вылучыць толькі 2,9 млрд. Такім чынам аб'ём фінансавання праграм прапануецца аптымізаваць на 40% у параўнанні з 2014 годам.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, у першую чаргу будуць дабудаваныя ўсе аб'екты з гатоўнасцю не менш за 80%, што дазволіць скончыць ключавыя інвестыцыйныя праекты.

Распрацоўваючы праграму дзейнасці на 2015 год, урад прааналізаваў некалькі сцэнароў развіцця, зыходзячы з сітуацыі ў свеце. Праведзеныя кансультацыі з партнёрамі Беларусі па Мытным саюзе, выпрацаваныя адпаведныя захады па кожнаму сцэнару. "Аднак незалежна ад таго, які сцэнар будзе мець месца ў жыцці, яго рэалізацыя немагчымая без выканання двух асноўных умоў: жыць трэба па сродках і эфектыўнасць работы айчынных прадпрыемстваў павінна быць істотна павышаная. І гэта сёння не проста лозунгі", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Апошнія навіны