BE RU EN

Вызвалены IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня

  • 23.12.2015, 19:46

Увечары 22 снежня вызвалены бізнэсовец Віктар Пракапеня.

Пра гэта паведамляюць інтэрнэт-сайты са спасылкай на сяброў прадпрымальніка, піша "Наша ніва".

Летам, каментуючы справу ITшнікаў, Следчы камітэт паведамляў, што Пракапеня не прызнае сваю віну і адмаўляецца кампенсаваць дзяржаве шкоду.

Уласнік Viaden Media Віктар Пракапеня быў затрыманы 18 сакавіка супрацоўнікамі «Управы К» МУС. Паводле інфармацыі следства, у перыяд з 2005 да 2008 Пракапеня выконваў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Такі следства разгледзела размяшчэнне ў інтэрнэце сайтаў і рэкламы без дзяржаўнай рэгістрацыі. Следчы камітэт меркаваў, што тым самым дзяржаве была прычыненая шкода сумай больш за $650 тысяч.

У дачыненні да бізнэсоўца былі распачатыя яшчэ дзве крымінальныя справы - паводле арт.243 КК Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў).

У следчым ізалятары Віктар Пракапеня правёў больш за дзесяць месяцаў.

Калегі называлі Пракапеню інтэлігентным чалавекам і таленавітым бізнэсоўцам.

Многія ўплывовыя людзі з сферы IT заяўлялі, што арышт Пракапені страшыць патэнцыйных інвестараў у сферу высокіх тэхналогій.

Калі дзірку ў заканадаўстве інтэрпрэтуюць як парушэнне закона, то аналагічнае пагражае і іншым кампаніям, сцвярджалі яны.

«Патэнцыйны негатыўны інфармацыйны эфект, выкліканы затрыманнем вядомага IT-бізнэсоўцы, у значнай меры здольны нівеляваць прынятыя дзяржавай намаганні для фармаванні ўстойлівага станоўчага інвестыцыйнага клімату», - заяўляў СЕО фінансавага стартапа ХР (Capital) Раман Громаў.

У 2006 годзе Пракапеня заснаваў кампанію Viaden Media, якая займалася распрацоўкай мабільных дадаткаў. За некалькі гадоў кампанія паспела дасягнуць высокіх вынікаў.

Так, дадатак All-in Fitness, распрацаваны Viaden Media, у ліпені 2010 года стаў лідарам катэгорыі Healthcare & Fitness версіі Apple больш як у 40 краінах. У ЗША і больш чым 29 іншых краінах прадукты кампаніі ўвайшлі ў топ-50 усіх дадаткаў і гульняў для мабільных прылад.

У 2011 годзе Пракапеня прадаў Viaden Media ізраільскаму мільярдэру Тэдзі Сагі. На атрыманыя грошы ў 2012 годзе бізнэсовец зарэгістраваў кіроўную кампанію інвестыцыйнага фонду EXP (Capital). Акрамя таго, Пракапеня ўклаў сродкі ў дэвэлапаўскі бізнэс, набыўшы аб'екты камерцыйнай нерухомасці ў цэнтры Менска.

Гэта не першы выпадак ціску на прадпрымальніцкую супольнасць. Відавочна, што затрыманні не звязаны з парушэннямі ў заканадаўстве, а становяцца базай для адціскання грошай у ахвяр. Справа Пракапені прыцягвае ўвагу, паколькі ён стаў першым затрыманым буйным ІТ-прадпрымальнікам у краіне. Па словах крыніц, блізкіх да асяроддзя бізнэсмэна, цікавасць уладаў выклікала публічная дэманстрацыя поспеху яго кампаній, а справа сфабрыкавана для адабрання грошай.

Заканадаўства «дазваляе прыцясняць» па абвінавачаннях у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і ўхіленні ад выплаты падаткаў: бізнесоўца абвінавачваюць у злачынстве (часта фальсівікуючы доказы), змяшчаюць у СІЗА (дзе могуць без суда і следства ўтрымліваць да 3-х гадоў), у выніку афармляюць працэс па арт. 88.1 КК РБ, “адбіраюць” грошы і выпускаюць. Працэс аплаты не лічыцца карупцыйным, бо сродкі перадаюцца ў дзяржбюджэт, а заканадаўства фактычна ўзаконьвае вымагальніцтва грошай цяжкімі ўмовамі СІЗА.

Яшчэ ў 2003 годзе Місія АБСЕ ў Беларусі наведала спецпрыёмнік у Мінску і кваліфікавала ўмовы ўтрымання катаваннямі. Па дадзеных Праваабарончага цэнтру “Вясна” з тых часоў сітуацыя не палепшылася. З-за недахопу месцаў затрыманым даводзіцца спаць седзячы ці па чарзе. Узімку ў камерах так холадна, што можна захоўваць прадукты без халадзільніка, а ўлетку няма чым дыхаць. Цьмянае святло, якое гарыць бесперапынна, хутка зніжае зрок. Антысанітарыя прыводзіць да скурных захворванняў. Некалькі разоў на тыдзень праходзяць зневажальныя асабістыя надгляды са збіццём. Нядзіўна, што большасць бізнесменаў хутка згаджаюцца прызнацца ва ўчыненні нават сфальсіфікаваных злачынстваў.

У абарону Пракапені выказаліся многія вядомыя асобы і прадстаўнікі грамадскасці, назваўшы абвінавачанні абсурднымі. Эксперты мяркуюць, што справа больш нагадвае дзяржрэкет, чым барацьбу з нявыплатай падаткаў, а Пракапеню называюць ахвярай рэжыму.

У следчым ізалятары Віктар Пракапеня правёў каля 10 месяцаў, віну ён не прызнаў, але пагадзіўся заплаціць заклад за змену меры стрымання, справы спынілі за адсутнасцю складу злачынства.

Апошнія навіны