BE RU EN

ЗША падоўжылі санкцыі супраць «Белнафтахіма», «Нафтана» ды «Белшыны»

  • 30.10.2015, 7:36

Санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў прадоўжаныя на паўгода.

Пра гэта паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША 29 кастрычніка. Санкцыі падоўжаныя да 30 красавіка, але часткова змякчэлыя, піша БелаПАН.

У спіс прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежавальныя захады, уваходзяць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба» , ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно». Уся іх уласнасць застаецца заблакаванай, але транзакцыі дазволеныя, пры гэтым, калі сума ўгоды перавышае 10 тысяч даляраў, грамадзяне ЗША абавязаныя ставіць у вядомасць кіраванне кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента.

Санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта ЗША Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

Прэс-рэліз Мінфіна ЗША аб падаўжэнні санкцый з'явіўся праз некалькі гадзін пасля таго, як прэс-служба Еўразвязу паведаміла аб прыпыненні на чатыры месяцы з 1 лістапада дзеянні санкцый у дачыненні да 171 грамадзяніна і 14 суб'ектаў гаспадарання Беларусі.

Апошнія навіны