BE RU EN

«Рэпарцёры без межаў»: Не забывайце пра іншыя Charlie Hebdo ў свеце

  • 12.01.2015, 17:13

Праваабарончая арганізацыя раскрытыкавала прысутнасць на парыжскім Маршы адзінства студзеня 11 палітычных лідараў, якія душаць свабоду слова.

«Мы павінны выказваць салідарнасць з Charlie Hebdo, не забываючы пра іншых «Charlie» ў свеце, - заявіў прадстаўнік Рэпарцёраў без межаў» Крыстаф Дэлюар. - Было б недаравальна, калі б прадстаўнікі краін, якія затыкаюць рот сваім журналістам, карысталіся гэтай эмацыйнай нагодай, каб палепшыць свой міжнародны імідж. Мы не павінны дазваляць знішчальнікам свабоды прэсы пляваць на магілу Charlie Hebdo».

У сувязі з гэтым «Рэпарцёры без межаў» звярнулі ўвагу, што ў маршы ў памяць аб ахвярах тэрарыстычнага нападу на рэдакцыю сатырычнага выдання Charlie Hebdo ўзялі ўдзел прэм'ер-міністр Турцыі (краіна займае 154 месца ў індэксе свабоды прэсы) і міністры замежных спраў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (118), Егіпта (159), Расеі (148) і Алжыра (121), паведамляе «Радыё Свабода».

Ад Беларусі ў «маршы адзінства» ўзяў удзел беларускі пасол у Парыжы Павел Латушка.

Наша краіна ў індэксе свабоды прэсы 2014 заняла 157 месца з 180 разгледжаных краін. Аляксандр Лукашэнка «традыцыйна» трапляе ў спіс «знішчальнікаў прэсы» (predators of the press), які таксама штогод складаюць праваабаронцы з «Рэпарцёраў без межаў».

Апошнія навіны