BE RU EN

Замежныя аўто падаражэюць на 10%

  • 4.08.2014, 17:02

Увайшлі ў дзеянне новыя правілы выплаты падаткаў для тых, хто займаецца імпартам.

Адзін з пунктаў новага ўказа «Аб асобных пытаннях падаткаабкладання, бухгалтарскага ўліку, пераацэнкі маёмасці і спагнання арэнднай платы» тычыцца працэдуры аплаты і вяртання падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ). Новаўвядзенне закране імпартныя тавары, якія ўвозяцца ў Беларусь у нязменным стане. А гэта ў першую чаргу легкавушкі.

Праз заканадаўчыя нюансы імпарцёры і цяпер выплачвалі ПДВ у казну двойчы, але «другі» ПДВ тут жа вяртаўся на рахункі дылераў. Цяпер жа тэрмін павялічылі да 90 дзён, піша «Камсамольская праўда ў Беларусі».

- Атрымліваецца, што імпарцёры даюць дзяржаве беспрацэнтныя крэдыты на тры месяцы, - патлумачыў старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч. - Гэта значыць, гэтыя грошы фактычна замарожваюцца, бо дылеры не змогуць іх траціць на закупку новых аўтамабіляў.

На думку эксперта, гэта можа прывесці да таго, што ўжо восенню новыя іншамаркі ў беларускіх шоў-румах могуць падаражэць на 10%. ПДВ аплачваецца раз у квартал - бліжэйшыя аплаты пройдуць у кастрычніку.

- Канкураваць з расейскімі аўтасалонамі стане яшчэ складаней, - мяркуе Міхневіч. - Гэта значыць, што некаторыя дылеры могуць і зусім спыніць сваю дзейнасць, бо шматлікім канчатковым пакупнікам будзе больш выгадна купіць самастойна аўтамабіль у Расеі ці скарыстацца паслугамі тых, хто прадае ў нас машыны па «шэрых» схемах.

Возьмем самы прадаваны ў Беларусі аўтамабіль і паглядзім, з чаго складаецца ягоны кошт. Такім чынам, зараз Volkswagen Polo Sedan (у камплектацыі Comfortline, 1,6 бензін, МКПП) каштуе $17 000. З іх прыкладна $3000 - гэта ПДВ, які імпарцёр заплаціў дзяржаве. Яшчэ $3000 дылер павінен паўторна заплаціць, але гэтыя грошы яму вернуцца толькі праз тры месяцы. Пасля магчымага падаражэння такое аўто будзе каштаваць 18 700 даляраў.

Апошнія навіны