BE RU EN

Жыхары Смілавіч скардзяцца на адсутнасць вады

  • 29.07.2014, 16:42

Праз воданапорную вежу, што павалілася, частка жыхароў Смілавіч на месяц засталіся без вады.

Пра гэта рэдакцыі сайта charter97.org паведаміў чытач. Ён адзначае, што асабліва пакутуе ўскраіна пасёлка ў Менскай вобласці, якая прымыкае да вёскі Жураўковічы. З ягоных слоў, вады ў дамах няма цэлы дзень, толькі з'яўляецца вельмі слабы напор вады ў кранах ноччу.

«Уяўляеце, што адчуваюць жыхары, калі трэба схадзіць у туалет? - абураецца чытач, апісваючы будні жыхароў пасёлка. - А прыгатаваць ежу, памыць посуд, бялізну, выкупаць дзяцей? З кожным днём усё горш і горш. Наступае не стабільнасць, а «стабілізец». Скаргі ў ЖКГ і пассавет - марнаванне часу і нерваў. ЖКГ ведае сваю справу добра: падвышае кошты на неіснуючыя паслугі, грабе бабкі і ў вус не дзьме. Тую ж пазіцыю занялі і прызначэнцы-«вертыкальшчыкі» мясцовага і раённага ўзроўню.

Публічна звяртаемся яшчэ раз да старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Івана Мухі і старшыні Смілавіцкага пасялковага савета Марціновіч Ірыны. Грамадзяне, займіцеся, нарэшце сваімі непасрэднымі абавязкамі, хопіць раз'язджаць на сваіх «лімузінах» па вёсках ад гультайства! Адпрацуйце сваю не слабую зарплату, якую вам плацяць з нашых падаткаў. Колькі можна здзекавацца над людзьмі! Навядзіце парадак з водазабеспячэннем у гарадскім пасёлку Смілавічы. Не можаце арганізаваць - пакіньце свае пасады, якія вы не апраўдалі, і займіцеся іншай пасільнай працай».

Рэдакцыя сайта charter97.org звярнулася ў пасялковы савет Смілавіч у спробах разабрацца ў сітуацыі.

«Цяпер знікла вада па вуліцы Горкага, але гэта планавае адключэнне, да вечара яна з'явіцца. А тое, што вады няма нібыта месяц - гэта няпраўда. Той раён ужо падключылі да іншай воданапорнай вежы, і вада там ёсць. Магчыма, яна была адключаная на некалькі дзён. Гарачая вада ў іх, праўда, толькі ў ацяпляльны сезон, але халодная ёсць заўсёды! Дарэчы, звычайна да нас адразу прыходзяць скардзіцца, а цяпер скаргаў не паступала», - кажа супрацоўніца пасялковага савета Смілавіч.

Апошнія навіны