МЗС Нямеччыны: Дамоўленасць адносна Украіны сарвалася ў апошні момант
- 1.07.2014, 18:07
Нямеччына, Францыя, Расея і Украіна падчас тэлефонных перамоў у панядзелак «вельмі блізка» падышлі да агульнай дамоўленасці ў дээскалацыі крызісу ва Украіне.
Пра гэта ў аўторак заявіў міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер на «Глабальным медыяфоруме» ў Боне, паведамляе Укрінформ.
«Учора блізу дзесяці гадзін вечара мы былі вельмі блізкія да дамоўленасці, якая потым усё-такі не ўвасобілася ў жыццё, каб распачаць рашучыя крокі наперад», - сказаў міністр.
З ягоных слоў, гэтая дамоўленасць «не ўрэгулявала б канчаткова крызіс ва Украіне, але яна б стала больш, чым проста перадышкаю».
«Таму я крыху расчараваны, што следствам гэтага правалу (дамоўленасці) стала заяўленае прэзідэнтам Парашэнкам завяршэнне дзеяння рэжыму спынення агню», - дадаў дыпламат.
Ён адзначыў, што на працягу наступных дзён стораны працягнуць прыкладаць намаганні, каб усё ж такі дасягнуць агульнай дамоўленасці.
Міністр таксама выказаў надзею, што задэклараваны Кіевам і Масквой агульны памежны кантроль дапаможа спыніць паток зброі і баевікоў на ўсход Украіны.
Як паведамлялася, кіраўнікі МЗС краін-чальцоў ЕЗ у аўторак пастанавілі, што Еўраўвяз не гатовы неадкладна ўводзіць новыя жорсткія санкцыі супраць Расеі.
Фота: AP