Дзярждума РФ абмяркоўвае пераход на «вечны» зімовы час
- 1.07.2014, 11:59
Дзярждума ў аўторак разглядае ў другім, асноўным, чытанні законапраект аб пераходзе Расеі на зімовы час.
Да другога чытання ў законапраект была ўнесеная папраўка, згодна з якой усе часавыя зоны ў краіне будуць вызначацца законам, а не пастановай урада, як меркавалася раней, паведамляе BBC.
Профільны камітэт Дзярждумы ў ахове здароўя раней падтрымаў прыняцце законапраекта ў другім і трэцім чытаннях. Падтрымлівае дакумент і фракцыя «Адзіная Расе», якая мае большасць у парламенце.
Першы віцэ-спікер Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Аляксандр Жукаў і кіраўнік профільнага камітэта ў ахове здароўя Сяргей Калашнікаў заявілі, што законапраект у канчатковым, трэцім, чытанні будзе прыняты да канца тыдня.
Спікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін таксама не выключыў канчатковага прыняцця дакумента да канца вясновай сесіі.
«Вядома, усе з нецярпеннем чакаюць разгляду ў другім, а потым і ў трэцім чытанні законапраекта аб вяртанні зімовага часу. Гэта таксама будзе зроблена на гэтым тыдні», - сказаў Нарышкін.
Цяпер у Расеі дзейнічае пастаянны летні час, які апераджае астранамічны на дзве гадзіны.