BE RU EN

У Гомелі знайшлі «прафесійнага» сведку-АМАПаўца

  • 6.06.2014, 13:16

АМАПавец Васіль Барысенка прыходзіць на суды над апазіцыянерамі і распавядае адну і тую ж гісторыю.

У канцы мінулага месяца, як і чатыры гады таму, супрацоўнік гомельскага АМАПа Васіль Барысенка станавіўся сведкам адной і той жа сцэны - яшчэ да ўзыходу сонца актывісты выходзілі на вуліцы горада, дзе «груба і нецэнзурна лаяліся, парушалі грамадскі парадак і спакой грамадзян, праяўлялі відавочную непавагу да грамадства».

Напрыклад, 22 траўня бягучага года ў 4.10 раніцы жыхар Гомеля Юрый Рубцоў вярнуўся цягніком з Менска, з вакзала пешшу накіраваўся дадому. Яго дагналі АМАПаўцы, абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, даставілі ў міліцыю, падалі рапарты, піша ПЦ «Вясна».

Чалавек у пагонах з прозвішчам Барысенка, які затрымліваў актывіста, у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля засведчыў: «Каля 4.10 раніцы ён нёс службу па ахове грамадскага парадку сумесна з Аляксандрам Пенязьковым. У раёне вул. Кісялёва затрымалі Рубцова, які гучна і нецэнзурна лаяўся, на іх заўвагі не рэагаваў».

У выніку, толькі што вызваліўшыся пасля 25-ці сутачнага арышту, падчас якога ён трымаў галадоўку, Юрый Рубцоў зноў апынуўся ў турме.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які аказвае дапамогу ў абскарджанні судовых пастаноў, успомніў прозвішча праваахоўніка, з-за ілжывых паказанняў якога раней актывістаў таксама адпраўлялі ў турмы.

У дзень прэзідэнцкіх выбараў, 19 снежня 2010 года давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча гомельскі актывіст Юрый Захаранка раніцай накіроўваўся на вакзал, каб разам з паплечнікамі быць на Плошчы. Яго таксама дагналі АМАПаўцы, абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, даставілі ў міліцыю. Баец АМАПа з усё тым жа прозвішчам Барысенка ў судзе Савецкага раёна Гомеля тады засведчыў: «Прыкладна ў 5 гадзін 45 хвілін, знаходзячыся каля прыпынку грамадскага транспарту «Завод пускавых рухавікоў» па вул. Барыкіна ў Гомелі Захаранка гучна лаяўся, на іх заўвагі не рэагаваў».

Тады на волю актывіст выйшаў праз 12 сутак, дзе таксама супраць самавольства супрацоўнікаў міліцыі трымаў галадоўку.

Апошнія навіны