BE RU EN

Мінчане змогуць атрымліваць рахункі праз электронную пошту

  • 28.05.2014, 19:22

Менгарвыканкам абяцае такую магчымасць пад восень.

Ужо неўзабаве менчукі, якія звыклі аплачваць усе паслугі ЖКГ праз інтэрнэт, змогуць нават рахункі атрымліваць праз электронную пошту. У прыватнасці, на сайце www.komplat.by з'явіцца магчымасць падпісацца на бясплатную рассылку электронных паведамленняў аб суме платы за жыллёва-камунальныя паслугі - копій рахункаў у выглядзе PDF-файлаў. Новай паслугай змогуць скарыстацца толькі зарэгістраваныя карыстальнікі сайта. З'явіцца такі сэрвіс бліжэй да восені, піша агенцтва «Минск-новости».

- Акрамя рассылкі электронных паведамленняў жыхары сталіцы змогуць падпісацца і на SMS-паведамленні пра патрэбу аплаціць камунальныя паслугі, - заявіла начальніца аддзела маркетынгу КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Менгарвыканкама» Марына Максіменка. - Але гэта ўжо будзе платная паслуга. Кошт складзе блізу 300 рублёў на месяц, якія ўключаць у рахунак. Падпісацца на SMS-паведамленні змогуць таксама толькі зарэгістраваныя карыстальнікі сайта www.komplat.by. Запрацуе паслуга ўвосень сёлета.

Мяркуецца, што на першапачатковым этапе SMS-напамінкі падпісчыкам будуць дасылаць двойчы на месяц, паведамляючы аб пачатку перыяду аплаты камунальных паслуг і аб яго заканчэнні. Пасля, магчыма, паслугу расшыраць. Пры гэтым, натуральна, паведамленні будуць тычыцца толькі сфэры ЖКГ».

На сёння сістэмай аўтаматызаваных разлікаў «Жилплат», якая інтэрактыўна прэзэнтаваная шматфункцыйным інтэрнэт-рэсурсам, ахоплена больш за 700 тысяч асабовых рахункаў у Менску і звыш 1,1 млн у краіне.

Апошнія навіны