BE RU EN

Суд прызнаў кнігу Бяляцкага забароненай

  • 11.02.2014, 12:35

Суд Ашмянскага раёна пастанавіў вывезці тыраж кнігі за мяжу.

Кнігу палітзняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага суд прызнаў забароненай на тэрыторыі Беларусі і пастанавіў вывезці выданне за мяжу, піша ПЦ «Вясна».

Суд Ашмянскага раёна 11 лютага прызнаў кнігу Алеся Бяляцкага «Асвечаныя беларушчынай» забароненай да ўвозу ў Беларусь. Праваабаронцы Таццяне Рэвяка загадана вывезці выданне за межы краіны.

Дадзенае рашэнне суда прынята па выніках разгляду скаргі Рэвяка на дзеянні супрацоўнікаў Ашмянскай мытні, якія канфіскавалі тыраж кнігі пры ўвозе ў Беларусь.

3 ліпеня 2013 года на Ашмянскай мытні былі затрыманыя 40 асобнікаў выдання, якія праваабаронца Таццяна Рэвяка ўвозіла на ўласнай машыне з Літвы ў Беларусь.

Пасля гэтага кіраўніцтва мытні прызначыла дзве экспертызы на прадмет наяўнасці ў кнізе экстрэмісцкіх або тэрарыстычных заклікаў, але абедзве экспертызы суд па шэрагу прычын прызнаў несапраўднымі.

Нягледзячы на гэта, сёння суддзя «па ўласным перакананні» прыняла рашэнне забараніць увоз выдання ў краіну і абавязаць Рэвяка вывезці тыраж за мяжу. Праваабаронца з дадзеным рашэннем катэгарычна не згодная і ў бліжэйшыя дні мае намер падаць касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд.

Апошнія навіны