Дэвід Кэмеран: Расея не можа быць чальцом сусветнай фінансавай сістэмы
- 17.12.2014, 17:25
Падзенне рубля прывядзе да выключэння РФ з сусветнай фінансавай сістэмы.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран, паведамляе РІА «Новости».
«Цяперашняя сітуацыя ў краіне (імклівае падзенне курсу рубля) адбываецца праз камбінаваны ўплыў коштаў нафты і санкцый. Гэта не дазваляе Расеі заставацца чальцом сусветнай фінансавай сістэмы. Мы будзем настойваць на ўзмацненні жорсткасці ціску», - паведаміў Дэвід Кэмеран падчас выступу ў парламенце.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі патрабуе ўзмацнення жорсткасці ціску на расейскія ўлады і ўвядзення новых санкцый супраць Масквы. Раней Кэмеран казаў пра тое, што ізаляцыя Расеі, выкліканая яе дзеяннямі ў дачыненні да Украіны, зрабіла эканоміку краіны больш уразлівай да сусветных эканамічных узрушэнняў.
Нагадаем, сёння расейскі рубель працягнуў падзенне пасля ўчорашняга невялікага росту.