BE RU EN

Кабмін Украіны спыніў фінансаванне акупаваных тэрыторый

  • 7.11.2014, 21:38

Пералік населеных пунктаў, фінансаванне якіх будзе спыненае, вызначаецца ўрадам на падставе хадайніцтва Службы бяспекі Украіны.

Кабінет міністраў афіцыйна прыпыніў сацыяльныя выплаты і іншыя віды фінансавання з дзяржаўнага бюджэту на тэрыторыях, падкантрольных баевікам, паведамляе gordonua.com.

Як гаворыцца ў пастанове ўрада №595 ад 7 лістапада, пералік населеных пунктаў, "на тэрыторыі якіх органы дзяржаўнай улады часова не ажыццяўляюць або ажыццяўляюць не ў поўным аб'ёме свае паўнамоцтвы", вызначае Кабмін на падставе хадайніцтва СБУ.

Акрамя таго, Кабмін даручыў міністэрствам і іншым ведамствам да 1 снежня перамясціць установы, арганізацыі і прадпрыемствы з падкантрольных баевікам тэрыторый у населеныя пункты, якія кантралююцца ўкраінскімі ўладамі.

Таксама ўрад даручыў распрацаваць законапраект, якім бы рэгуляваўся механізм разлікаў за "пастаўленыя і неаплачаныя энерганосьбіты на часова некантралюемыя тэрыторыі" за кошт сродкаў, "прадугледжаных для выплаты льгот і субсідый на гэтых тэрыторыях".

4 лістапада падчас пасяджэння СНБА прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паабяцаў унесці ў парламент прапанову аб скасаванні закона аб адмысловым парадку самакіравання ў акупаваных раёнах Данбаса. Парашэнка заявіў аб магчымасці ўвядзення "больш жорсткага эканамічнага рэжыму" для акупаваных абласцей Данбаса. Таксама СНБА даручыў распрацаваць заканадаўчыя акты аб урэгуляванні эканамічнай і падатковай дзейнасці на Данбасе.

Прэм'ер Арсеній Яцанюк заяўляў, што Украіна прадоўжыць пастаўляць газ і электраэнергію на тэрыторыі Данбаса, якія не кантралююцца ўкраінскімі ўладамі, але спыніць фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту.

Апошнія навіны