Міжнародныя эксперты ўважаюць Расею большай пагрозай, чым Эбола
- 17.11.2014, 9:35
Расейска-украінскі канфлікт пагражае фінансаваму рынку больш, чым баявікі «Ісламскай дзяржавы» і ліхаманка Эбола.
52% удзельнікаў апытання назвалі расейска-украінскі канфлікт самым небяспечным для сусветнага фінансавага рынку фактарам. Для параўнання, «Ісламскую дзяржаву» такім уважаюць 26% рэспандэнтаў, а распаўсюд ліхаманкі Эбола - 5%, піша РБК.
«Сітуацыя Расея-Украіна больш небяспечная, бо сярод нас ёсць суверэнная дзяржава, якая спрабуе ўзмацніць сваю ўладу, стварыўшы хаос і выкарыстоўваючы пагрозлівыя дзеянні вайны», - заявіў кіраўнік продажаў актываў у банку Nordea ў Хельсінкі Майкл Сіманс.
Удзельнікі апытання мяркуюць, што ад нізкіх коштаў на нафту пацерпіць у першую чаргу Расея. Такога меркавання прытрымліваюцца 51% апытаных, 21% назвалі Венесуэлу, 12% - Саудаўскую Аравію, 6% - Іран.
Эксперты адзначаюць, што фінансаванне дзяржаўнага бюджэту і замежнага гандлю Расеі, як і іншых, больш дробных вытворцаў, залежаць ад коштаў нафты. «Для блізкаўсходніх экспарцёраў нафты выгодны высокі кошт [на нафту], але яны могуць дазволіць сабе і больш нізкі», - заўважыў Фабіян Фрыч з Collineo Asset Management GmbH.
Меркаванні экспертаў у пытанні, якія краіны атрымаюць выгаду ад таннай нафты, падзяліліся. 31% рэспандэнтаў назвалі ЗША, 18% - Кітай, 15% - Японію. 11% апытаных мяркуюць, што танная нафта спрыяльна адаб'ецца на эканоміках Еўропы і Індыі.
Пры гэтым многія еўрапейскія інвестары мяркуюць, што краіны Старога свету і прамыслова развітыя азіяцкія дзяржавы больш выйграюць ад таннай нафты, чым ЗША. Злучаныя Штаты, хоць і адчуюць станоўчы эфект, але ў меншай ступені, чым краіны ЕЗ, таму што таксама з'яўляюцца буйным вытворцам нафты, адзначылі яны.
Bloomberg правёў апытанне сярод 510 сваіх падпісчыкаў - інвестараў, аналітыкаў і трэйдараў 11-12 лістапада, хібнасць складае плюс-мінус 4,3 адсоткавага пункта.
Сёлета інвестары сутыкнуліся з серыяй геапалітычных крызісаў, сярод якіх баявыя дзеянні ва Усходняй Еўропе, пагроза ліхаманкі Эбола, а таксама тэрытарыяльныя спрэчкі паміж Кітаем і ягонымі суседзямі. Рост ступені рызыкі для фінансавых рынкаў ад палітычнага і вайсковага гвалту заўважылі 46% рэспандэнтаў, 41% удзельнікаў апытання назвалі яго ўстойлівым, 13% бачаць зніжэнне.