BE RU EN

Парашэнка і Камароўскі наведаюць Малдову

  • 17.11.2014, 9:07

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка мае намер сумесна з польскім прэзідэнтам Браніславам Камароўскім наведаць у чацвер Малдову.

Такім чынам лідэры дзвюх краін збіраюцца падтрымаць яе еўраінтэграцыю. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар украінскага прэзідэнта Станіслаў Цэголка, піша ТАСС.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, які знаходзіцца ў Славакіі, сустрэўся ў нядзелю з удзельнікамі саміту краін Вышаградскай чацвёркі - прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім, лідэрам Чэхіі Мілашам Земанам, кіраўніком Славакіі Андрэем Кіскам і прэзідэнтам Вугоршчыны Янашам Адэрам. Прэзідэнты краін V4 абмеркавалі з кіраўніком Украіны сітуацыю ў ягонай краіне і паабяцалі яму ўсялякую палітычную і эканамічную падтрымку.

«Прэзідэнты Парашэнка і Камароўскі 20.11 разам наведаюць Малдову для падтрымання яе еўраінтэграцыі», - напісаў Цэголка ў сваім мікраблогу ў Twitter.

Малдова ўдзельнічае ў праграме ЕЗ «Усходняе партнёрства», якая накіраваная на развіццё інтэграцыйных сувязяў Еўразвязу яшчэ з пяццю рэспублікамі былога СССР: Украінай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю. У чэрвені гэтага года Малдова, Украіна і Грузія адначасова падпісалі пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ.

Акрамя таго, як паведамляецца на сайце ўкраінскага прэзідэнта, Парашэнка запрасіў Камароўскага наведаць Украіну ў пачатку наступнага года. Прэзідэнт Польшчы запрашэнне прыняў.

Апошнія навіны