BE RU EN

Заводы Гомеля перайшлі на «чатырохдзёнку»

  • 15.11.2014, 10:00

Пятніца стала выхадным днём для шэрагу прадпрыемстваў Гомеля.

Прастоі гэтыя вымушаныя: прадукцыя не прадаецца, склады перапоўненыя, паведамляе «Радыё Свабода».

Другі месяц не працуе па пятніцах гомельскі станкабудаўнічы завод «СтанкаГомель». Раней ён насіў імя Кірава і значыўся ў флагманах сваёй галіны. Выпускаў станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Тут працавала звыш 4 тысяч чалавек.

Цяпер не набіраецца і тысячы. Сотні чалавек пакінулі завод за апошнія гады. І вось новыя непрыемнасці - скарочаны працоўны тыдзень.

«У пятніцу - вымушаны прастой. Цягам кастрычніка не працавалі. І на гэты месяц ужо загад вісіць, што пятніца зноў будзе вымушаным прастоем. Нібыта ў нас станкі не купляюць. Хлусяць, мабыць», - кажа рабочы завода, які прадставіўся Анатолем.

Ён здзіўляецца праз тое, што на прадпрыемстве цяпер абслуговага персаналу нашмат больш, чым вытворцаў, аднак продаж станкоў прыкметна скараціўся.

«Нашы, якія гандлююць станкамі, сядзяць у кабінетах і слаба прапануюць, нягледзячы на тое, што цяпер і наўтбукі ёсць. Я быў у Маскве на адным з заводаў. Спецыяліст спытаў, адкуль я. Ён паглядзеў - усё станкі нашы ў кампутары ёсць. Кансольна-фрэзерныя станкі - усе тэхнічныя характарыстыкі ёсць. Не трэба нават ездзіць у камандзіроўкі - можна і праз інтэрнэт мець стасункі. І не могуць прадаць - вечна стаяць гэтыя станкі», - кажа ён.

Больш за ўсё працоўнага ў гэтай сітуацыі засмучае тое, што ў сувязі з выходнымі ўпалі і заробкі. Дзве траціны тарыфнай стаўкі за вымушаны адпачынак у пятніцу завод, вядома, плаціць. Аднак агулам заробак зніжаецца.

«У траўні заробак, напрыклад, у мяне быў 4 мільёны, а цяпер - 3 мільёны. На мільён заробак знізіўся ў мяне на «СтанкаГомелі», былым заводзе імя Кірава. Упаў заробак», - кажа працоўны.

У завадской дырэкцыі скарачэнні працоўнага тыдня тлумачаць адсутнасцю попыту на станкі, і перш за ўсё на ўнутраным, беларускім рынку.

«Асноўная прычына - гэта адсутнасць заказаў на станочную прадукцыю. Сутнасць у тым, што нас тармозіць Беларусь. Спажыўцы нашых станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем - гэта нашы флагманы: трактарны завод, маторны, БелАЗ, «Гомсельмаш». Яны не ў самым лепшым фінансавым становішчы. А калі так, то не да заказаў, не да абсталявання», - кажуць там.

З утоенымі і відавочнымі дадатковымі выхаднымі днямі жывуць цяпер і прадпрыемствы аб'яднання «Гомсельмаш». Працоўны тыдзень ў аб'яднанні пачаўся не 10, а толькі 11 лістапада.

Сельмашаўцы маюць вялікія цяжкасці са збытам прадукцыі. Таму кіраўнікам цэхаў і майстрам адміністрацыя даводзіць заданні, колькі і хто за месяц павінен дадаткова адпачываць.

«Часта выганяюць у адпачынак за свой кошт. Па некалькі дзён кожнага работніка штомесяц. Мне даводзяць план, каб я адправіў сваіх рабочых у адпачынак за свой кошт у сувязі з цяжкім становішчам на заводзе. І на ЗЛІНе такая ж сітуацыя», - кажа майстар галаўнога завода «Гомсельмаш» Аляксандр.

У аб'яднанні апошнім часам спахапіліся. Паколькі традыцыйная сельмашаўская тэхніка для ўборкі кармоў і збожжа на замежных рынках асаблівым попытам не карыстаецца, тут узяліся за распрацоўку бавоўнавых камбайнаў. Аднак толькі на праектаванне такога камбайна трэба не менш за год.

Апошнія навіны