BE RU EN

Грамадзяне Беларусі могуць быць уключаныя ў дзейнасць ІДІЛ?

  • 30.10.2014, 12:40

Ісламская дзяржава Ірака і Леванта Беларусі наўпрост не пагражае, але беларускія грамадзяне могуць быць уключаны ў ейную дзейнасць.

Такое меркаванне выказала старшыня навукова-кансультатыўнай рады Антытэрарыстычнага цэнтра (АТЦ) СНД Мар'яна Качубей, піша БелаПАН.

Як адзначыла прадстаўніца АТЦ, «капсульных тэрыторый бяспекі ўжо практычна не засталося - глабалізацыя зрабіла сваю справу».

«Прамой пагрозы Беларусі, безумоўна, не існуе, але калі мы гаворым пра тое, што сёння ў рамках ІДІЛ ваююць сотні і нават тысячы еўрапейцаў, ваююць грамадзяне Расеі мусульманскага веравызнання, то рызыкі таго, што грамадзяне Беларусі змогуць прама ці ўскосна быць уключаныя ў дзейнасць гэтай вельмі сур'ёзнай арганізацыі, існуюць. Хоць, вядома, яны не такія вялікія, як для дзяржаў Цэнтральнай Азіі», - заўважыла Качубей.

З ейных слоў, ІДІЛ - гэта «самая гарачая тэма».

«Гэтая арганізацыя праяўляе надзвычай высокую актыўнасць, якая звязаная з баявымі дзеяннямі. Гэта не зусім той фармат тэрарызму, да якога мы прывыклі, гэта вайскова-палявыя і вайсковыя аперацыі», - сказала прадстаўнік АТЦ.

З ейных слоў, дзяржавы СНД, якія знаходзяцца ў Цэнтральна-Азіяцкім поясе, вельмі ўважліва ставяцца да дзеянняў гэтай групоўкі, паколькі фактычна баявыя дзеянні вядуцца ў непасрэднай блізкасці ад іх паўднёвых межаў. Як заявіла Качубей, АТЦ СНД адсочвае дзейнасць гэтай арганізацыі, «рыхтуюцца вельмі сур'ёзныя цяжкія аналітычныя даведкі і накіроўваюцца ў дзяржавы».

Апошнія навіны