BE RU EN

Максім Вінярскі: Праз прэвентыўныя арышты актывісты не могуць жыць дома

  • 15.10.2014, 18:42

Значная частка актывістаў сёння фактычна страціла магчымасць пражываць на месцы рэгістрацыі.

Людзі асцерагаюцца адвольных прэвентыўных затрыманняў. Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі 15 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

«Я, напрыклад, на месцы рэгістрацыі практычна не жыву, бо амаль увесь час перад кожнай вулічнай акцыяй, прыездам нейкага высокага госця з-за мяжы да мяне прыходзяць супрацоўнікі міліцыі. Пасля 2006 гады я фактычна не магу пражываць на месцы рэгістрацыі», - заявіў ён.

Вінярскі распавёў, як праходзяць прэвентыўныя затрыманні. «Падыходзяць некалькі чалавек (гэта можа быць АМАП, наркакантроль, крымінальны вышук, нават аддзел барацьбы з арганізаванай злачыннасцю), прапануюць прайсці з імі. Калі затрымліваюць два чалавекі, яны могуць пяць хвілін паўпрошваць. Калі тры ці чатыры, то цябе проста валакуць у аўто і вязуць у аддзел міліцыі», - сказаў ён.

Са слоў Вінярскага, «з моманту, калі цябе затрымалі, ты фактычна цалкам выключаны з прававога поля». «Твае правы больш не цікавяць. Лёгка пісаць у метадычках, якія правы ты маеш у міліцэйскім пастарунку, але зрэалізаваць іх практычна немагчыма. Мне нават не прапаноўваюць штосьці падпісаць, могуць мяняць артыкул, паводле якога затрымліваюць. Выкананне патрабаванняў аб запрашэнні ў суд сведак абароны, запрашэнні адваката, відавочна, існуе толькі ў міфічным прававым полі», - адзначыў актывіст.

Як далей будзе развівацца сітуацыя з ілжывымі сведчаннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас судоў, Вінярскі прадказаць не бярэцца. «Але ніякіх абмежаванняў самі міліцыянты тут для сябе не бачаць. Калі ім можна хлусіць у адміністрацыйным справе, пасля чаго чалавеку даюць 25 дзён адміністрацыйнага арышту, то чаму не падмануць, што ён кагосьці абразіў, штурхнуў, чаму не сказаць, што быў супраціў. Ну і што, калі гаворка ўжо можа ісці пра крымінальны пераслед невінаватага», - сказаў ён.

Апошнія навіны