BE RU EN

Лукашэнка назваў Еўрамайдан жахам

  • 21.01.2014, 21:16

Дыктатар мяркуе, што акцыі пратэсту ва Украіне арганізавалі палякі.

Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі, перадае БелаПАН.

«Тое, што адбываецца ва Украіне, гэта жах, гэта катастрофа. Гэта не мая справа, там і без мяне разбяруцца, папросяць мяне - я скажу «так» або «не», дапамагу ці не. Калі возьмуць уладу ў гэтыя прэзідэнцкія выбары тыя, хто руйнуе, - гэта надоўга», - заявіў ён.

Лукашэнка выказаў надзею, што «канфлікт ва Украіне развяжацца і не паўплывае негатыўна на дзейнасць СНД, дзе Украіна старшынюе ў 2014 годзе».

«Будзем спадзявацца, што ўсё будзе нармальна з пункту гледжання старшынства ў СНД, ніхто не будзе пераносіць саміт СНД, наадварот, я ўпэўнены, Януковіч будзе імкнуцца, каб гэты саміт прайшоў у іх, а мы, і Расея і іншыя, будзем такім чынам падтрымліваць Украіну і стабільнасць у ёй, і цяперашняга прэзідэнта, бо гэта галоўны прадстаўнік улады», - сказаў ён.

«Выдатная краіна з цудоўным народам, і вось гэты бардак з так званым рынкам, дзе кланы падзялілі краіну, - вось да чаго гэта прыводзіць. Як толькі дзеці прэзідэнта пачынаюць займацца бізнэсам - чакай бяды. Як толькі ў жонак і палюбоўніц з'яўляюцца кароны на галаве - чакай бяды», - сказаў Лукашэнка.

Паводле ягоных слоў, уплываюць на сітуацыю ва Украіне замежныя сілы. «Палякі былі моцна падвязаны і ледзь не прымяралі праграму за тое, што Украіну прывялі ў Еўропу. Я баюся, каб Украіна канчаткова і публічна не стала арэнай разборак паміж Захадам і Усходам», - адзначыў Лукашэнка.

Нагадаем, пасля дзевятага Народнага веча ў Кіеве мітынгоўцы, сярод якіх былі і радыкальна настроеныя актывісты, пайшлі пікетаваць Вярхоўную Раду, але наткнуліся на сцяну сілавікоў каля стадыёна імя Лабаноўскага. Пачаліся сутыкненні радыкалаў з сілавікамі. Актывісты сталі падпальваць міліцэйскія аўтамабілі. Тыя ў сваю чаргу ўжылі вадамёты і гумовыя кулі. З абодвух бакоў - дзесяткі параненых. ЗША і ЕС заклікалі пачаць перамовы з усімі бакамі, каб вырашыць праблему палітычнага супрацьстаяння, разгледзець патрабаванні пратэстуючых і прадухіліць эскалацыю гвалту. Прэзідэнт Віктар Януковіч зноў прапанаваў правесці «круглы стол» з удзелам апазіцыі.

Апошнія навіны