BE RU EN

Брэсцкі гандбаліст зарабляў, ставячы на пройгрышы сваёй каманды

  • 13.09.2013, 11:37

Кірыл Князеў звольнены па пагадненні бакоў. Хоць афіцыйна ён ніякі закон не парушыў.

У жніўні ў польскім горадзе Пулавы праходзіў міжнародны таварыскі турнір па гандболе. У ім прынялі ўдзел і брэстчане - гандбольны клуб імя Мяшкова. Праўда, у Польшчу трапіў другі, больш слабы склад каманды. Сярод іншых матчаў БГК-2 сустрэўся з запарожскім «Маторам». Брэстчане прайгралі сустрэчу з лікам 14:44, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

І ўсё б нічога, але праз некаторы час высвятлілася адна цікавая дэталь. Аказваецца, буйную стаўку на пройгрыш сваёй каманды ў гульні з «Маторам» зрабіў брэсцкі гандбаліст, гулец зборнай Беларусі Кірыл Князеў. І сарваў-такі куш.

Пра гэта ў сваім лісце ў гандбольную федэрацыю Беларусі паведаміла дырэктар букмекерскай кампаніі ТАА «БэтСіці» Ларыса Шаркова.

- Той факт, што было зроблена некалькі буйных ставак на нефаварыта, а таксама вынік матчу (44:14) у сукупнасці з вывучэннем геаграфіі ставак прымусілі спецыялістаў ТАА «БэтСіці» ўсумніцца ў сумленнасці матчу, які праводзіўся, - цытуе ліст газета «Прессбол».

Фактычна букмекеры падазраюць спартсмена ў тым, што ён мог неяк паўплываць на зыход матчу. Уплываў, ці проста так склаліся абставіны, зараз разабрацца складана. Колькі Князеў паставіў на пройгрыш сваіх калегаў, букмекеры не раскрываюць - інфармацыя з'яўляецца камерцыйнай таямніцай.

- Афіцыйна Князеў закон не парушаў, - тлумачыць Ларыса Шаркова. - Мы не маем права забараніць спартсмену рабіць стаўкі на гульні сваёй каманды. Такіх законаў няма. Але з пункту гледжання этыкі, вядома, гэта непрыгожа. Чалавек ставіў супраць сваёй каманды. А гэта значыць, што ён не верыць у яе.

Тры дні таму Брэсцкі гандбольны клуб разарваў кантракт з Князевым па пагадненні бакоў.

- Навошта пра гэта пісаць? Кантракт разарваны і ўсё, - адказаў намеснік кіраўніка Брэсцкага гандбольнага клуба ім. Мяшкова.

- Сітуацыю мы яшчэ будзем разглядаць, магчыма, што ў кантрактах гандбалістаў з'явіцца пункт аб тым, што яны не маюць права рабіць стаўкі на свае гульні ў букмекерскіх канторах, - кажа прэс-сакратар Беларускай федэрацыі гандбола Наталля Нярода.

Па словах Ларысы Шарковай, беларускія спартсмены перыядычна з'яўляюцца ў букмекерскіх канторах:

- Яны азартныя людзі, і гэта не забаронена законам. І сваім зваротам у федэрацыю гандбола і ў Міністэрства па падатках і зборах, якое нас курыруе, мы не хацелі нічыіх звальненняў. Мы проста хацелі звярнуць увагу чыноўнікаў на гэтую праблему. У той жа Расеі нават ёсць закон, па якім спартсменам забаронена рабіць стаўкі на гульні сваёй каманды.

Фота: Аnna Benicewicz-Miazga

Апошнія навіны