BE RU EN

Гендырэктар КАМАЗа не рызыкуе ездзіць у Беларусь

  • 10.09.2013, 11:47

Сітуацыя вакол «Уралкалію» стала яшчэ адной перашкодай на шляху да аб'яднання «КАМАЗа» і «МАЗа».

«Я нават не ведаю, што адказаць на гэтае пытанне пасля апошніх падзей (звязаных з затрыманнем кіраўніка кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера). Я ў Беларусь не езджу», - сказаў гендырэктар «КАМАЗа» Сяргей Кагогін у кулуарах канферэнцыі «КомАўта 2013», у адказ на просьбу журналістаў пракаментаваць ход перамоваў па аб'яднанні кампаніі з «МАЗам», піша «Інтэрфакс».

Старшыня Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў у лютым паведамляў , што беларускі і расейскі бакі прынцыпова ўзгаднілі ўмовы аб'яднання «КАМАЗа» і «МАЗа» ў холдынг «Расбелаўта».

Беларусь, паводле яго інфармацыі, унясе ў холдынг 75% акцый «МАЗа» і будзе мець 50% акцый у «Расбелаўта». Пасля Лукашэнка заявіў, што сумняваецца ў мэтазгоднасці зліцця прадпрыемстваў, прапанаваўшы спыніцца на варыянце стварэння адзінай кіруючай кампаніі.

Пазней кіраўнік Мінпрамгандлю РФ Дзяніс Мантураў заяўляў, што сістэма кіравання холдынгам «Расбелаўта», які стане кіруючай кампаніяй «КАМАЗа» і «МАЗа», будзе вызначана да сярэдзіны красавіка. Аднак ледзь пазней ён прызнаў, што кампраміс паміж бакамі не дасягнуты, пры гэтым Расея лічыць варыянт стварэння КК без абмену актывамі бесперспектыўным.

Апошнія навіны