BE RU EN

Прэм'ера Літвы просяць вярнуць стары парадак кантролю на мяжы

  • 29.05.2013, 19:45

Беларусы скардзяцца, што на вакзале ў Вільні даводзіцца гадзіну стаяць у чарзе для праходжання пашпартнага кантролю.

Лідары Аб'яднанай грамадзянскай партыі, БХД і партыі «Справядлівы свет» падрыхтавалі зварот на імя прэм'ер-міністра Літвы Альгірдаса Буткявічуса.

Як патлумачыў прэс-службе АГП Анатоль Лябедзька, «гэта прадыктавана інтарэсамі грамадзян Беларусі, якія выязджаюць у Літву чыгункай. Новыя мытныя і візавыя працэдуры ствараюць масу нязручнасцяў і складанасцяў для людзей. Урад Літвы павінен працаваць па формуле СУП - спрашчаць, удасканальваць, паляпшаць, але на практыцы атрымліваецца ўсё наадварот. Мы прапануем альбо вярнуцца да старой практыкі, альбо максімальна знізіць усе негатыўныя выдаткі новых працэдур».

Ужо заўтра зварот будзе перададзены ва ўрад Літвы.

Нагадаем, з 26 траўня цягнікі з Менска ў Вільню курсуюць паводле новых правіл. Час руху цягніка скараціўся з 3 да 2,5 гадзін. Цяпер літоўскія памежнікі даглядаюць пасажыраў не ў цягніку, а па прыбыцці на віленскі вакзал. Таму зэканомлены ў дарозе час даводзіцца марнаваць у чарзе ў пункце дагляду. Паводле водгукаў пасажыраў, у чэргах часам даводзіцца стаяць блізу гадзіны. І на зваротным шляху з Вільні ў Менск на вакзал даводзіцца, як у аэрапорце, прыходзіць загадзя. Рэгістрацыя пачынаецца за дзве гадзіны і заканчваецца за 10 хвілін да адпраўлення цягніка.

Апошнія навіны