BE RU EN

Беларускі амбасадар патрабуе спыніць паказ фільма «Жыве Беларусь!»

  • 19.04.2013, 16:51

Віктар Гайсянок напісаў ліст фірме, якая займаецца распаўсюджваннем карціны ў Польшчы.

У ім беларускі амбасадар назваў фільм фальшывым і паведаміў пра тое, што яго паказ «узбуджае непрыязнасць» сярод палякаў да нашай краіны.

Афіцыйнага каментара фірмы-дыстрыбутара пакуль няма, але ўжо вядома, што ліст Віктара Гайсянка ніяк не паўплывае на дэманстрацыю стужкі ў кінатэатрах.

Тэлеканал «Белсат» прыводзіць тэкст звароту амбасадара.

«Рэклама ў польскіх кінатэатрах фільма «Жыве Беларусь!» («Żywie Biełarus!» ) Рэжысёра Кшыштафа Лукашэвіча (Krzysztof Łukaszewicz), распаўсюднікам якога ў Польшчы з'яўляецца таварыства з абмежаванай адказнасцю «KINO ŚWIAT», выклікае пэўную занепакоенасць.

Надзвычай сумніўнай уяўляецца неабходнасць дэманстрацыі польскім гледачам фальшывай карціны, прадстаўленай у фільме. Ні адзін з указаных у стужцы фрагментаў не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю, а папросту дэманструе хворую фантазію аўтара сцэнара.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: навошта прыязную Польшчы краіну паказваць у настолькі негатыўным святле, узбуджаючы ў паляках непрыязнасць да блізкага ўсходняга суседа. Народы нашых дзяржаў заўсёды жылі ў згодзе і дружбе, але, мабыць, не ўсіх задавальняе такое становішча рэчаў, і шляхам стварэння такіх фільмаў прадпрымаецца спроба пасварыць беларусаў і палякаў.

Заклікаю спадара старшыню прыняць да ведама гэтыя заўвагі і ўстрымацца ад распаўсюду гэтага фільма», - гаворыцца ў лісце, падпісаным беларускім амбасадарам.

Фільм «Жыве Беларусь!» здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Над карцінай працавалі Польская дзяржаўная кінастудыя мастацкіх і дакументальных фільмаў (WFDIF) і французскі Canal +. Сусветнай дыстрыбуцыяй фільма «Жыве Беларусь!» займаецца італьянская кампанія Intramovies.

Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафестывалі вясной 2012 года, а прэм'ерны паказ адбыўся на фестывалі ў Канах. З 19 красавіка фільм будзе запушчаны ў пракат у Польшчы, яго ўжо паказалі ў Нарвегіі, Чэхіі, Швецыі і іншых еўрапейскіх краінах.

Рэжысёр карціны - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты - беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.

Галоўную ролю - рок-музыкі Мірона Захаркі - выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко. У фільме знялася зорка польскага кіно Караліна Грушка. Музыку да яго напісаў Лявон Вольскі. У фільме таксама зняўся вядомы беларускі музыка Аляксандр Памідораў.

Прэм'ера фільма ў Варшаве прайшла 17 красавіка, з сённяшняга дня ён дэманструецца ў польскіх кінатэатрах.

Апошнія навіны