BE RU EN

Дыктатару не хапае «пальцам пханых» каўбас

  • 8.02.2013, 13:36

Беларускі кіраўнік загадаў стварыць тысячу тон «пальцам пханых» каўбас.

Дыктатар лічыць неабходным развіваць перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі з захаваннем нацыянальнай спецыфікі.

«Як вы тут казалі - квашаннем, саленнем, мачэннем, вытворчасцю кумпякоў, «пальцам пханых» і крывяных каўбас, зельцу хатняга вырабу і гэтак далей па спрадвечна беларускіх рэцэптах», - адзначыў ён, выступаючы ў пятніцу на справаздачным сходзе прадстаўнікоў членаў «Белкаапсаюза», піша «Інтэрфакс».

Кіраўнік запатрабаваў ад спажыўкааперацыі «заняць гэтую нішу на рынку, пацясніўшы ў гандлёвых аб'ектах гарадоў аналагічную прадукцыю імпартнай вытворчасці». «Аўчынка выраба варта», - сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе як высокі попыт на дадзеную прадукцыю, так і эфектыўнасць вытворчасці і яе продажу.

Вядома, прызнаў ён, «шмат «пальцам пханай» каўбасы не зробіш, але яна на парадак даражэй за тую, напрыклад «Доктарскую», што вырабляецца на прамысловых прадпрыемствах». «Зрабіце тысячу тон («пальцам пханай» - ІФ) і атрымаеце добры эфект», - заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што не дапусціць прыватызацыі аб'ектаў спажыўкааперацыі.

«Ніякай штучнай прыватызацыі спажыўкааперацыі, пакуль я прэзідэнт, мы не дапусцім», - заявіў ён.

Дыктатар адзначыў, што жадаючыя прыватызаваць гэтыя аб'екты «ўжо лапы чухаюць». «Забудзьцеся - ніякай чыноўніцкай, як піша наша пятая калона, прыватызацыі як спажыўкааперацыі, так і дзяржуласнасці, не будзе», - сказаў кіраўнік.

Лукашэнка нагадаў, што пытанне аб прыватызацыі спажыўкааперацыі ўздымалася яшчэ ў часы яго «дэпутацтва». «Я, будучы «дэпутатам», выступіў супраць, і мы выратавалі спажыўкааперацыю», - адзначыў ён.

Лукашэнка таксама запатрабаваў ад спажывецкай кааперацыі не крыўдзіць сельскіх жыхароў і спыніць продаж няякасных тавараў з мінулымі тэрмінамі рэалізацыі.

«Як мне дакладвае Камітэт дзяржкантролю, парушэнні выяўляюцца пры кожнай праверцы гандлёвых аб'ектаў спажыўкааперацыі. Прычым самыя масавыя з іх - гэта продаж няякасных тавараў з мінулымі тэрмінамі прыдатнасці», - заявіў Лукашэнка.

«Як мне дакладваюць, у 71 краме названыя парушэнні былі выяўленыя двойчы, у 8-мі - тройчы. Небяспечна, калі гэта становіцца сістэмай. Тады гэта ўжо не недахоп, а злачынства», - падкрэсліў ён.

Апошнія навіны