BE RU EN

Тэлефонны нумар «дэпутата» апынуўся «ліпавым»

  • 19.02.2013, 15:17

Аршанскі «дэпутат» даў ілжывы нумар тэлефона жадаючым задаць яму пытанні.

Сапраўдны шок зведалі жыхары Оршы і Аршанскага раёна, якія захацелі патрапіць на прыём да «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў» па Аршанскай Дняпроўскай акрузе № 27 Уладзіміра Дзедушкіна, былога старшыні Аршанскага райвыканкама, піша ПЦ «Вясна».

На днях мясцовая «Аршанская газета» размясціла аб'яву аб тым, што 18 лютага ў лакаматыўным дэпо Оршы «дэпутат» Дзедушкін будзе весці прыём выбаршчыкаў. А папярэдне запісацца на гэты самы прыём можна ў яго памочніка Алены Чумачэнка па тэлефоне ў Оршы 21-01-31.

Некалькі жыхароў акругі выказалі жаданне пабываць на прыёме ў «дэпутата», спадзеючыся вырашыць шэраг актуальных для выбаршчыкаў пытанняў. І патэлефанавалі па паказаным у газеце нумары тэлефона.

Якое ж было здзіўленне тых, хто тэлефанаваў, калі высветлілася, што гэты тэлефон належыць жыхарцы Оршы Галіне Л., якая пражывае па вуліцы Міра, якая зусім не знаёмая ні з самім «дэпутатам» Дзедушкіным, ні з яго памочнікам Аленай Чумачэнка, а таму ніякага запісу на прыём весці не можа.

Абураныя аршанцы на прыём да «дэпутата» Дзедушкіна так і не патрапілі. Па іх словах, з такім падманам ім раней сутыкацца яшчэ не даводзілася.

Апошнія навіны