BE RU EN

На беларускай АЭС могуць павялічыць колькасць блокаў

  • 1.02.2013, 16:27

Пра гэта паведаміў гендырэктар дзяржкарпарацыі «Росатом» Сяргей Кірыенка падчас цырымоніі пачатку работ на катлаване пад другі энэргаблок станцыі.

«Калі замоўца акрэсліць патрэбу, могуць быць пабудаваныя трэці і чацвёрты блокі», - сказаў Сяргей Кірыенка.

«Мы разглядаем магчымасць выкарыстання досведу супрацоўніцтва ў праекце беларускай АЭС на іншых атамных станцыях у Расеі», - дадаў кіраўнік «Росатома», патлумачыўшы, што беларускія кампаніі здолеюць ліцэнзавацца і будаваць АЭС у РФ - адпаведнае міжурадавае пагадненне распрацоўваецца цяпер, паведамляе «Інтэрфакс».

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка таксама заявіў у часе цырымоніі, што будаўніцтва беларускай АЭС ідзе з апярэджаннем графіка на некалькі месяцаў.

«Будоўлі менш за год, але вы можаце заўважыць на пляцоўцы сур'ёзныя перамены. Наогул мы ідзем у будаўніцтве АЭС з апярэджаннем на 4 месяцы да раней устаноўленага графіка. Другі катлаван (пад другі энэргаблок) павінен быць гатовы да армавання ўжо да 1 верасня, першы бетон можа быць заліты да канца гэтага года», - сказаў У.Сямашка.

С. Кірыенка дадаў, што досвед будаўніцтва першага блока АЭС з апярэджаннем графіка будзе выкарыстаны пры будаўніцтве другога энэргаблока. «А калі мы прыйдзем да будаўніцтва трэцяга і чацвёртага энэргаблокаў (Беларускай АЭС), мы павінны рабіць усё яшчэ хутчэй», - сказаў кіраўнік «Росатома».

Як паведамлялася раней, цяпер будуюцца два блокі беларускай АЭС сумарнай магутнасцю 2400 МВт. Першы блок беларускай АЭС плануецца ўвесці ў 2018 годзе.

У кастрычніку 2011 года Беларусь і Расея падпісалі кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве АЭС. У лістападзе мінулага года стораны падпісалі міжурадавае пагадненне аб выдачы Беларусі расейскага дзяржаўнага экспартнага крэдыту ў суме да $ 10 млрд.

Нагадаем, экалагічныя арганізацыі супраць будаўніцтва АЭС. Таксама ідэю крытыкуюць літоўскія ўлады праз пагрозу бяспецы Вільні.

Апошнія навіны