BE RU EN

Пенсіянерам забаранілі скардзіцца на «палатачнікаў»

  • 6.12.2013, 18:39

Бабруйскі гарвыканкам не дазволіў правядзенне пікету супраць парушэння закона «дэпутатамі».

Пра гэта сайту charter97.org паведаміла юрыстка Тамара Сяргей.

25 лістапада пенсіянеркі Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч з Бабруйска звярнуліся ў гарвыканкам з заявай аб правядзенні акцыі 10 снежня ў Дзень правоў чалавека. Пікет павінен быў прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы адпісак ад чыноўнікаў і «парламентарыяў», а таксама да невыканання сваіх абавязкаў «дэпутатамі» Жаннай Мішур і Мікалаем Плаксіцкім, якія, як і чыноўнікі, спынілі перапіску з пенсіянеркамі. Падчас пікетавання прадугледжвалася выкарыстанне плакатаў: «Дэпутаты Мішур і Плаксіцкі не абараняюць правы і інтарэсы народа, а дагаджаюць чыноўнікам», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак».

Не атрымаўшы адказ на сваю заяўку за пяць дзён да меркаванай акцыі, як гэтага патрабуе заканадаўства, Каваленка і Санкевіч 5 снежня звярнуліся ў Бабруйскі гарвыканкам. І толькі пасля такога звароту жанчынам экспрэс-поштай даставілі пісьмовы адказ гарадскіх уладаў з адмовай у правядзенні пікетавання. Сваю пастанову чыноўнікі матывавалі тым, што заяўнікі не ўказалі «канкрэтныя меры ў забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі, медыцынскага абслугоўвання і ўборкі тэрыторыі пасля правядзення на ёй мерапрыемства».

Калі ж 6 снежня жанчыны звярнуліся ва УУС Бабруйскага гарвыканкама, то даведаліся, што іх заява паступіла ва ўпраўленне толькі 4 снежня і да гэтага часу яшчэ не разгледжаная.

Згодна з заканадаўствам, чыноўнікі Бабруйскага гарвыканкама павінны былі

на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства накіраваць яе копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку і забеспячэннем грамадскай бяспекі, а таксама для выпрацоўкі адпаведных прапаноў.

Акрамя бабруйчанак, у Дзень правоў чалавека збіраліся правесці пікеты пенсіянеры з Менска і Салігорска. Галіна Краснагір з Салігорску атрымала адмову 5 снежня, а мянчук Васіль Хадзькоў да гэтага часу не атрымаў ніякага адказу на сваю заяву ад 20 лістапада. Калі ж 5 снежня пенсіянер звярнуўся ў Менгарвыканкам, каб даведацца пра лёс сваёй заявы, мужчына падвергнуўся знявазе з боку чыноўніка Менгарвыканкама Сяргея Клішэвіча, які здзекаваўся над Васілём Хадзьковым і не аддаў яму копію адказу на заяву аб пікетаванні.

Апошнія навіны