BE RU EN

МНС просіць адмовіцца ад паездак на аўто падчас «Хавера»

  • 6.12.2013, 7:33

Беларусам рэкамендуюць устрымацца ад паездак на аўтамабілі.

Пры моцным ветры МНС просіць прыбраць рэчы з двара і балконаў у хату або падвал. Аўтамашыны трэба паставіць у гараж, а калі яго няма, то паркавацца неабходна ўдалечыні ад дрэў і слаба ўмацаваных канструкцый. Трэба абыходзіць бокам хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам, пазбягаць дрэў і разнастайных збудаванняў павышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадачы, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб'ектаў), паведамляе прэс-служба МНС.

Пры моцнай завеі трэба зачыніць вокны, дзверы, паддашкавыя люкі і вентыляцыйныя адтуліны, пастарацца выключыць паездкі на аўтамабілі.

«Будзьце макісмальна ўважлівыя ва ўмовах дрэннай бачнасці. Старайцеся рухацца толькі па вялікіх дарогах і шашах. У выпадку няспраўнасці або пры вельмі дрэннай бачнасці: уключыце аварыйную сігналізацыю, спыніцеся на абочыне дарогі, чакайце дапамогі ў аўтамабілі, рухавік пакіньце ўключаным, прыадчыніўшы шкло для забеспячэння вентыляцыі і прадухілення атручвання чадным газам», - гаворыцца ў паведамленні.

Пры ўзмацненні ветру існуе рызыка абрыву ліній сувязі і электраперадачы, адключэння электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах, пашкоджання або абвальвання слаба ўмацаваных канструкцый, дахаў будынкаў, збудаванняў, падзення дрэў. Мяцеліца і моцны снегапад могуць абцяжарыць рух транспарту.

Нагадаем, да Беларусі набліжаецца магутны паўночнаатлантычны цыклон «Хавер». Па дадзеных сіноптыкаў, ён праявіць сябе ўжо 6 снежня. Чакаюцца снег, мяцеліца, месцамі на дарогах галалёдзіца. Прагназуюцца парывы ветру да 15-24 метраў за секунду. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў. У суботу - 7 снежня - складаныя ўмовы надвор'я захаваюцца. Тэмпература паветра панізіцца, на працягу сутак будзе ад нуля да мінус 6 градусаў. Вецер у асобных раёнах пачне сціхаць. Да нядзелі «Хавер» пакіне тэрыторыю Беларусі і пойдзе на ўсход.

Апошнія навіны