Берасцеец закаваў сябе ў кайданкі перад аблвыканкамам
- 15.12.2013, 19:23
Алесь Чаркашын правёў адзіночную акцыю на прыступках берасцейскага аблвыканкама.
Малады чалавек скаваў свае рукі металічным ланцугом і абліў чырвонай фарбай. Ён звярнуўся з прамовай да жыхароў горада і да ўладаў, паведамляе тэлеканал «Белсат».
Алесь Чаркашын заявіў, што Беларусь чакаюць смутныя часы, таму кожны павінен звярнуцца да Бога і пакаяцца. Ён звярнуўся да ўладаў, заклікаўшы іх «спыніць прыгнятаць і абкрадаў свой народ. Інакш уся кроў, якая пральецца, будзе на іх сумленні».
«Я не хачу, каб у Беларусі была анархія, разруха і праліццё крыві. Я прашу Госпада аб тым, каб гэтага не здарылася», - скончыў сваю прамову Чаркашын.
Акцыя працягвалася блізу 10 хвілін. Алеся Чаркашына затрымалі ў іншым месцы горада - насупраць расейскага консульства, пасля чаго адвезлі ў Ленінскі РАУС. Хутчэй за ўсё, яго будуць судзіць.