BE RU EN

Акадэмія Навук занялася распрацоўкай чорнай ікры

  • 2.10.2013, 10:22

Беларускія навукоўцы збіраюцца атрымліваць уласную чорную ікру, каб зрабіць дэлікатэсы даступнымі для народа.

Журналісты «Минского курьера» пагутарылі з загадчыцай лабараторыі развядзення і вырошчвання каштоўных відаў рыб Інстытута рыбнай гаспадаркі РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі» Святланай Дакучаевай.

- Святлана Іванаўна, над чым працуюць у вашай лабараторыі?

- У гэтым годзе завяршаем распрацоўку тэхналогіі фармавання і эксплуатацыі ікорнага статка сцерлядзі. Дзякуючы гэтаму зможам атрымліваць чорную ікру ўласнай вытворчасці. Яе кошт будзе мінімум у два разы ніжэй у параўнанні з імпартным.

Наступны аб'ект нашай увагі - ленскі асетр. Каб яго вырошчваць, мы вымушаныя закупляць маладняк, з-за гэтага канчатковы прадукт каштуе даволі дорага і не вельмі даступны для насельніцтва. Калі будзем самі выводзіць патомства гэтага віду, яго сабекошт стане значна ніжэй.

- Якія перспектывы рыбаводства ў нашай краіне, і ці выгадны гэта бізнес?

- У 2012 годзе ў рэспубліцы вырасцілі 17,6 тыс. т таварнай рыбы, з іх каштоўных відаў - 228,9 т, у тым ліку ласосевых - 71,8 т, асятровых - 97,5 т, сомавых - 59,6 т.

Сабекошт вырошчвання, напрыклад, еўрапейскага сома ў сажалках складае 13-15 тыс. рублёў на кілаграм, стронгі - 50-60 тыс., асятра ў басейнах - 55-60 тыс. Сярод асятровых найбольш выгадна вырошчваць вясланоса, бо яму не патрэбны камбікорм. Сабекошт рыбы - не больш за 20 тыс. рублёў на кілаграм. Яго актыўнае развядзенне дасць магчымасць значна знізіць рознічны кошт і зрабіць далікатэсную рыбную прадукцыю больш даступнай для радавога спажыўца Беларусі.

Таксама перспектыўна ўводзіць у вадаёмы рыбгасаў буфала, судака, сома, сігавых рыб, бестэра (гібрыд бялугі і асятра).

Распрацоўкі навукоўцаў будуць больш запатрабаванымі і эфектыўнымі, калі вытворчасць паставіць перад інстытутамі канкрэтныя задачы. Вядома, за 2 гады правесці значныя даследаванні складана. Бо, напрыклад, асятровыя рыбы спеюць ва ўзросце 8-15 гадоў. Таму было б нядрэнна сфармаваць доўгатэрміновыя праграмы па асобных кірунках.

Вырошчванне каштоўных відаў - справа выгадная, бо мае экспартны патэнцыял, і, калі мы знойдзем шляхі, каб паменшыць іх сабекошт, кошт далікатэснай рыбы значна знізіцца і попыт на яе будзе вельмі высокі.

Апошнія навіны