BE RU EN

«Газпрам» бярэ пад кантроль рэкламу на БТ

  • 2.10.2013, 7:40

Даччыная кампанія «Газпрама» зоймецца размяшчэннем рэкламы на беларускіх тэлеканалах.

Дамова аб гэтым была падпісаная 26 верасня. Пра змены гаворыцца ў лісце рэкламадаўцам, апублікаваным на сайце Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.

«Сапраўдным паведамляем, што арганізацыяй, упаўнаважанай ажыццяўляць з 1 студзеня 2014 года здзелкі на аказанне паслуг па размяшчэнні рэкламы ў эфіры тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі вызначанае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Алькасар Медыя Сэрвіс», якое ўваходзіць у групу кампаній «Алькасар», аднаго з найбуйнейшых медыясэлераў на тэрыторыі СНД. 26 верасня 2013 года адбылося падпісанне адпаведнай дамовы», - гаворыцца ў дакуменце.

У бліжэйшы час усім рэкламадаўцам будзе прапанавана заключэнне рэкламных дамоваў з ТАА «Алькасар Медыя Сэрвіс». Белтэлерадыёкампанія ўпэўненая ў тым, што шматгадовы вопыт працы групы кампаній «Алькасар» забяспечыць павышэнне эфектыўнасці рэкламнай дзейнасці кожнага ўдзельніка рэкламнага рынку Рэспублікі Беларусь.

Група «Алькасар» уваходзіць у тройку найбуйнейшых у Расеі прадаўцоў тэлерэкламы, валодае 35 офісамі ў рэгіёнах - самай вялікай у краіне ўласнай рэгіянальнай сеткай. У кансорцыуме з «Газпрам Медыя Холдынг» ажыццяўляе продаж рэкламы на каналах НТВ і ТНТ, забяспечвае рэкламны эфір каналаў «ТВ-Центр», «Звезда», «Мир», а таксама групы тэлеканалаў для спадарожнікавага і кабельнага вяшчання, якія належаць Red Media Group і тэлекампаніі «Стрым». Падраздзяленне, якое займаецца інтэрнэт-продажамі, рэалізуе рэкламны трафік больш чым трыццаці сайтаў: інтэрнэт-сэрвісаў карпарацыі Microsoft і пляцовак з пула кампаніі Gazprom-Media Digital. У 2008 годзе група «Алькасар» выйшла на рэкламны рынак краін СНД.

Апошнія навіны