BE RU EN

Сябрука Лукашэнкі будуць судзіць за замак на Блакітным беразе

  • 31.01.2013, 10:02

Расейскі алігарх Барыс Беразоўскі можа паўстаць перад судом Марсэлю паводле абвінавачвання ў адмыванні грошай падчас куплі нерухомасці.

Крымінальная справа супраць яго вядзецца з лета 2011 года, паведамляе РБК.

Да гэтага часу ў рамках вышуковых мерапрыемстваў канфіскавалі маёмасць і грашовыя сродкі на суму ў 74 млн еўра. Паводле версіі следства, прадпрымальнік чыніў ашуканскія дзеянні, спецыялізуючыся на аб'ектах элітнай нерухомасці.

Усе ўгоды, інкрымінаваныя алігарху, былі ўкладзеныя ў 1990-я гады. У прыватнасці, 31 ліпеня 1997 года Барыс Беразоўскі набыў замак Гаруп на мысе Антыб Блакітнага берага. Угода была ўкладзеная з дапамогай заблытанай схемы, якая ўключае прамежкавыя пункты ў Швайцарыі і Люксембургу. Сам прадпрымальнік адмаўляе, што з'яўляецца ўладальнікам нерухомасці.

Следства мяркуе, што набыць уласнасць у Францыі Беразоўскаму дапамог іншы расейскі алігарх - Раман Абрамовіч. Паводле гэтых звестак, частка грошай паступіла з рахунку кампаніі "Сибнефть", якая належала цяперашняму ўладальніку "Чэлсі".

Як сцвярджаў Б. Беразоўскі, падчас працэсу супраць Р. Абрамовіча, які адбыўся ў 2012 годзе, гнаны алігарх выйшаў са статутнага капіталу гэтай кампаніі з палітычных прычын, а напраўду працягваў атрымліваць частку дывідэндаў. Р. Абрамовіч катэгарычна адмаўляе існаванне вуснага пагаднення, якое гарантавала Б. Беразоўскаму частку ягоных даходаў.

З пачатку 2000-х апальны алігарх пастаянна пражывае ў Вялікабрытаніі. Улады Злучанага каралеўства далі яму палітычны прытулак, спробы РФ дамагчыся экстрадыцыі бізнэсоўцы не былі паспяховымі. Акрамя Расеі, абвінавачванні супраць Б. Берозаўскага высоўвае яшчэ адная краіна - Бразілія. На радзіме пяціразовых чэмпіёнаў свету ў футболе прадпрымальніка абвінавачваюць у незаконным фінансаванні спартыўнага клуба.

Нагадаем, са слоў былога вязня КДБ амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, Беразоўскі асабіста ўдзельнічаў у ягоным арышце і допытах у турме КДБ два гады таму і карыстаўся заступніцтвам Лукашэнкі ў Беларусі.

Апошнія навіны