BE RU EN

Падпалкоўнік міліцыі абакраў Дэпартамент аховы

  • 17.01.2013, 8:11

Намеснік начальніка Аршанскага аддзела Дэпартамента аховы МУС «прысвоіў матэрыяльныя каштоўнасці» свайго ведамства.

Скандал, які адбыўся ў Дэпартаменце аховы, ужо паспеў нанесці сур'ёзны ўрон рэпутацыі ведамства. Прынамсі ў межах горада Оршы, піша «Ежедневник».

Бо Дэпартамент аховы - гэта адзінае ў МУС падраздзяленне, якое зарабляе грошы за ахову розных аб'ектаў ад замахаў злодзеяў. І грошы немалыя. А тут раптам такое: ахоўнікі чужой маёмасці самі сябе абчысцілі.

Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі (ГУУБ) МУС, падпалкоўнік міліцыі, працуючы на пасадзе першага намесніка начальніка Аршанскага аддзела Дэпартамента аховы, з лістапада 2011 года па красавік 2012 года атрымаў у ведамстве матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі ў памеры каля 8 мільёнаў рублёў, якімі незаконна распарадзіўся па ўласным меркаванні. На думку ГУУБ МУС, гэтымі дзеяннямі падпалкоўнік прычыніў істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.

Па дадзеным факце Упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці ў дачыненні да былога міліцыянта ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт.426 Крымінальнага кодэкса Беларусі (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Цікава, што падпалкоўнік у верасні 2012 года быў звольнены з органаў унутраных спраў, аднак не за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць званне міліцыянта, а па ўзросце. Цяпер вось у мінулых справах былога падпалкоўніка будзе разбірацца Следчы камітэт.

Апошнія навіны