BE RU EN

7 сутак за маску Лукашэнкі (Фота)

  • 19.09.2012, 16:08

Віцебскі актывіст БХД Яўген Гуцалаў арыштаваны за заклікі да байкоту «выбараў».

Справу разглядала суддзя Кастрычніцкага райсуда Віцебска Іна Грабоўская. Яўген Гуцалаў не адмаўляў, што выказваў сваё стаўленне да ўдзелу ў «выбарах», - распавёў актывіст Пётр Іваноў, які прысутнічаў на судзе.

Адным з доказаў правапарушэння сталі фатаграфіі, размешчаныя на сайце bchd.info. На адной з іх была бачная унікальная татуіроўка на руцэ актывіста. Да таго ж яго дзеянні зафіксавалі відэакамеры, так як з плакатам «Байкот парламенцкіх выбараў 2012» і маскай Аляксандра Лукашэнкі хлопец фатаграфаваўся ў цэнтры Віцебску - на вуліцы Леніна і каля аблвыканкама, паведамляе «Радыё Свабода».

Сем сутак арышту Яўген Гуцалаў павінен адбыць у ізалятары часовага ўтрымання. Адны суткі ўжо залічаны ў тэрмін пакарання, так як затрымалі актывіста яшчэ ўчора, 18 верасня.

Затрыманне адбылося на ўчастку № 71 Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі, дзе Яўген Гуцалаў быў назіральнікам.

За заклікі да байкоту яго асудзілі ўжо другі раз. 4 ліпеня тая самая суддзя Кастрычніцкага райсуда Іна Грабоўская двойчы аштрафавала Яўгена Гуцалава, затрыманага за распаўсюджванне ўлётак. Штраф у 3 базавыя велічыні ён атрымаў нібыта за брыдкаслоўе. За тое, што падчас затрымання ён нібыта не падпарадкаваўся патрабаванням вартавых правапарадку, яго пакаралі штрафам у 21 базавую велічыню. Агульная сума штрафу склала тады 24 «мінімалкі» - 2,4 мільёна рублёў.

Апошнія навіны