BE RU EN

У Брусэлі лабіруюць інтарэсы рэжыму Лукашэнкі

  • 2.02.2012, 11:06

Брусэльскі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» выступае за адмену санкцый супраць беларускай дыктатуры.

Падчас онлайн канферэнцыі на сайце «Радыё Свабода», сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што «Офіс за дэмакратычную Беларусь» і некаторыя беларускія палітыкі выступаюць за скарачэнне спісу неўяздных беларускіх чыноўнікаў.

Кіраўніца «Офіса за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская ў адказ на гэта заявіла: «Калі прайшла інфармацыя пра тое, што спісы неўязных будуць пашыраныя, мы сапраўды заявілі, што не лічым, што пашырэнне візавых санкцый на дадзены момант з'яўляецца эфектыўным метадам. Наадварот: на наш погляд, гэта можа пагоршыць становішча палітвязняў.

Перагледзець спісы варта было б нават з-за даўнасці, бо там ёсць людзі, якія альбо памерлі, альбо сышлі са сваіх пасадаў, альбо не звязаныя з рэпрэсіямі 19 снежня. Тыя, хто вінаватыя, павінныя застацца. Больш за тое: туды варта дадаць і тых, хто з'яўляюцца, напрыклад, удзельнікамі расправы над Алесем Бяляцкім. Але людзі, якія не нясуць нейкі цяжкай віны і ніяк не звязаныя з рэпрэсіямі 19 снежня, наўпрост па тэрміне даўніны павінныя быць выключаныя з гэтых спісаў.

Там ёсць некалькі журналістаў - напрыклад, намесніца рэдактара «Советской Белоруссии» Ганна Шадрына, якая нават не была на гэтай пасадзе ў той час. А ўзяць Аляксандра Зімоўскага, які сышоў з пасады старшыні БТ, з'ехаў з краіны. Вядома, былі абсалютна правільныя прычыны для таго, каб яго ўнесці ў гэты спіс. Але на сёння я б не сказала, што гэта крытычна. Ці, напрыклад, калі мы гаворым пра рэктара універсітэта. Калі кажам, што трэба развіваць кантакты паміж беларускімі і еўрапейскімі ВНУ, што нам трэба больш праграм і рэформ нашай сістэмы вышэйшай адукацыі, то нелагічна выглядае, што рэктары вядучых ВНУ знаходзяцца ў спісах невыязных (у спісах неўязных рэктары знаходзяцца з-за масавага выключэння студэнтаў за ўдзел у акцыях апазіцыі і палітычных арганізацыях - заўв. сharter97.org).

Я спрабую глядзець больш шырока на адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю, і на мой погляд, калі працягнецца ізаляцыя ў дачыненні да нашай краіны, не выйграе ніхто. Калі працягнецца цяперашняя палітыка, гэта скончыцца тым, што наогул месца для існавання палітычных партый і грамадзянскай супольнасці проста можа не застацца. Мой самы вялікі страх, што калі будзе ўводзіцца больш і больш санкцый - так, магчыма, яны лагічныя, абгрунтаваныя і г.д. - што адносінаў паміж нашай краінай і ЕЗ стане ўсё менш, і ЕЗ знікне з беларускай прасторы абсалютна, і мы будзем усё больш сыходзіць у бок усходу. На сёння гэта выбар паміж дрэнным і горшым, калі глядзець на нашыя адносіны з ЕЗ», - заявіла Стужынская.

Пракаментаваць ініцыятыву Стужынскай сайт charter97.org папрасіў беларускіх грамадзянскіх актывістаў, палітвязьняў і іхніх сваякоў.

Ірына Багданава, сястра кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, лідэрка грамадзянскай ініцыятывы Free Belarus Now:

«Я абураная заявай Вольгі Стужынскай аб скарачэнні спісу неўяздных у Еўропу службоўцаў. У той час, калі мы толькі што атрымалі пацверджанне, што палітычных зняволеных у турмах забіваюць, я лічу верхам цынізму паднімаць пытанне аб скарачэнні спісу. Запрашэнне Вольгай Стужынскай віцэ-прэм'ера беларускага ўрада Сяргея Румаса на канферэнцыю ў Брусель у снежні мінулага года мяне абурыла, але заклік скараціць «чорны спіс» у становішчы ўзмацнення рэпрэсій у Беларусі прымушае мяне задаць пытанне: «Чые інтарэсы «Офіс за дэмакратычную Беларусь» прадстаўляе ў Еўропе?» Ствараецца ўражанне, што Стужынская лабіруе інтарэсы злачыннага рэжыму».

Наталля Каляда, кіраўніца Беларускага Свабоднага тэатра, адна з кіраўнікоў ініцыятывы Free Belarus Now:

«Калі напярэдадні выбараў мы звярталіся да еўрапейскіх палітыкаў з просьбай аб увядзенні санкцый супраць беларускага рэжыму, адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў нам адказаў, што санкцыі будуць уведзеныя толькі тады, калі на вуліцах Менска будуць забіваць. Тады санкцыі ўведзеныя не былі. Аляксандр Лукашэнка адчувае сваю беспакаранасць, разумеючы, што Еўропа не ў стане яго адолець. Менавіта таму ў турмах катуюць палітвязняў, а справы аб знікненнях і забойствах не раскрываюцца. Санкцыі неабходныя, каб дыктатура разумела, што на любое яе супрацьпраўнае дзеянне будзе адэкватны, дакладны і жорсткі адказ».

Ірына Красоўская, удава выкрадзенага і забітага ў Беларусі бізнесмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, лідэрка грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем»:

«Ізноў распальваецца дыскусія з нагоды санкцый. Падобна, што не ўсім яшчэ зразумела, што пасля 17 гадоў лукашэнкаўскага рэжыму няма іншых аргументаў для размовы з дыктатурай. І хай прыхільнікі паслаблення санкцыяў палічаць, колькі разоў Еўрапейскі Звяз, Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы, Еўрапейскі Парламент, АБСЕ, Міжпарламенцкая асамблея, Сацінтэрн і іншыя міжнародныя арганізацыі, а таксама парламенты, парламентарыі, прэзідэнты, міністры шматлікіх еўрапейскі краін, Амерыкі і Канады ўгаворвалі, прапаноўвалі , падлашчваліся, прасілі, абяцалі, у рэшце рэшт патрабавалі расследаваць справы палітычных зьнікненняў у Беларусі і адпусціць палітвязняў. Адзінае, што я магу ўзгадаць за гэтыя гады - гэта выхад з турмы на волю Аляксандра Казуліна, Андрэя Клімава і іншых палітвязняў пасля прыняцця эканамічных санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў з боку ЗША.

Можа быць тым, хто лабіруе зняцце або скарачэнне санкцый і вылучае аргумент, што пашырэнне санкцый можа пагоршыць сітуацыю палітвязняў, лепш запытацца ў жонак, маці, сваякоў Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Зміцера Бандарэнкі, Зміцера Дашкевіча і іншых палітвязняў. Думаю, яны ведаюць адказ.

Адмяніць санкцыі сёння - значыць працягнць практыку ўсёдазволенасці, беспакаранасці і далейшага бязмежжа. І калі чалавек са спісу пакінуў краіну, гэта яшчэ не значыць, што ягонае злачынства можа быць проста ануляванае і забытае. Санкцыі могуць быць знятыя толькі тады, калі будуць ліквідаваныя прычыны, па якіх яны былі ўведзеныя. Расследаванне знікненняў, вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, сумленныя выбары - вось пачатковыя ўмовы зняцця санкцый.

А аргументы ў гэтай дыскусіі ў людзей, якія пакутуюць ад немагчымасці выратаваць сваіх блізкіх і родных, значна мацнейшыя і больш зразумелыя, чым у тых, хто сядзіць у офісе за шмат кіламетраў ад рэальнага жыцця».

Наталля Радзіна, палітзняволеная, рэдактарка ​​сайта charter97.org:

«Ініцыятыва Вольгі Стужынскай не толькі палітычна бесталковая, але і амаральная. Зараз, калі палітвязняў забіваюць у турмах, наадварот трэба павялічваць санкцыі, але ні ў якім разе не скарачаць іх.

Мяне ўразіла, што спадарыня Стужынская назвала Зімоўскага як чалавека, якога трэба выключыць са спісу неўяздных у Еўразвяз. Незалежна ад таго, што Зімоўскі сёння не працуе на Беларускім тэлебачанні, такому чалавеку проста не месца ў ЕЗ за тое, што ён рабіў на працягу 17 гадоў як рупар беларускага прапаганды.

Мы ведаем, што «Офіс за дэмакратычную Беларусь» на самой справе рассылае свае лісты ў амбасады еўрапейскіх краін у Беларусі і ў розныя міжнародныя арганізацыі. Хай спадарыня Стужынская апублікуе тэксты гэтых лістоў. Яны датычацца лёсаў палітвязняў. А калі меркаваць па тым, што мы даведаліся, невядома, аб чым яны яшчэ там просяць Еўропу пад прыкрыццём фальшывага клопату аб беларускіх нацыянальных інтарэсах.

Спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў трэба, безумоўна, пашыраць. А таксама ўводзіць кропкавыя эканамічныя санкцыі на пастаўкі нафтапрадуктаў і калія. Усе гэтыя закулісныя рухі асобных людзей вельмі небяспечныя і на руку толькі беларускім уладам і спецслужбам».

Ірына Халіп, палітзняволеная, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава:

«Цудоўная ідэя! Толькі чаму ў яе аўтараў такая ўбогая фантазія? Па-мойму, трэба наогул адмяніць візавыя санкцыі, а ўсім «пацярпелым ад еўрапейскіх рэпрэсій» купіць за кошт Еўракамісіі туры ў еўрапейскія СПА-гатэлі, дзе няшчасныя карнікі змогуць адпачыць і паправіць здароўе. І яшчэ - прызначыць ім пажыццёвую пенсію як пацярпелым.

А калі сур'ёзна, то бянтэжыць заганная логіка офіса «За дэмакратычную Беларусь»: атрымліваецца, што, дапусцім, нейкі суддзя Н., які пасадзіў за краты пару дзесяткаў іншадумцаў, выйшаў на пенсію па ўзросце - і наперад, на набярэжную Круазэт? А якога-небудзь чарговага старшыню КДБ выкінулі з пасады з трэскам (інакш, як з трэскам, яны адтуль і не вылятаюць) - і ён вольны падарожнічаць па Еўропе, паколькі фармальна ўжо не з'яўляецца прадстаўніком карнай сістэмы? Вельмі хочацца сказаць «сапраўднае трызненне», але, нажаль, гэта нават не трызненне, а проста подласць. Офіс «За дэмакратычную Беларусь», які нікога не прадстаўляе, акрамя пары эмігрантаў, рассылае па еўрапейскіх структурах лісты з прапановамі дараваць адстаўным засранцам і адкрыць перад імі дзверы ў цывілізаваны свет? У такім выпадку, што офіс, што адстаўныя - адзін аднаго вартыя. Толькі хай сустракаюцца дзе-небудзь на нейтральнай тэрыторыі: у Кітаі, напрыклад, ці на Кубе, але ўжо відавочна не ў Еўропе.

І яшчэ: любы грамадзянін Пупкін мае поўнае права ўключыць факс і пачаць бамбаваць аналагічнымі лістамі міжнародныя структуры: «Асабіста мне добра жывецца, у мяне шкварка на патэльні заўсёды шкварчыць, так што няма чаго начальства маёй краіны гнабіць ў вашых варожых Брусэлях». І гэта будзе прыватнае меркаванне Пупкіна, гэтак жа як і прыватнае меркаванне Волі Стужынскай., - нават калі Пупкін назаве сябе офісам «За квітнеючую Беларусь». Так што няма чаго і абмяркоўваць, на мой погляд. Спадзяюся, у еўразвязаўскіх структур хопіць мудрасці не звяртаць увагі на персанальныя памылкі некалькіх эмігрантаў, якія даўно не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі».

Апошнія навіны