BE RU EN

Міхневіч патрабуе ад АБСЕ забыцца пра правы чалавека

  • 7.12.2012, 10:19

Беларуская дэлегацыя заклікае арганізацыю адмовіцца ад палітыкі санкцый.

Гэтую пазіцыю афіцыйнага Менска агучыў на штогадовай сустрэчы Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) дзяржаў-удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) першы намеснік кіраўніка беларускага МЗС Аляксандр Міхневіч, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

«Для пераадолення крызісу даверу і інэрцыі канфрантацыі, АБСЕ неабходна вярнуцца да яе першапачатковай місіі - пабудовы сапраўднай супольнасці бяспекі і супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым была падкрэслена настойлівая неабходнасць безумоўнай адмовы ад палітыкі санкцый, эканамічнага і палітычнага ціску ў адносінах паміж дзяржавамі-удзельнікамі», заявіў Міхневіч.

Акрамя таго, кіраўнік беларускай дэлегацыі «выступіў за працяг працэсу рэфармавання АБСЕ, а таксама звярнуў увагу на падвойныя стандарты, якія захоўваюцца ў дзейнасці АБСЕ па назіранні за выбарамі».

Нагадаем, пад санкцыямі ЕЗ знаходзяцца 243 фізічныя і 32 юрыдычныя асобы, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, ім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і замарожаныя актывы. Санкцыі былі ўведзеныя з-за шматлікіх парушэнняў праў чалавека ў Беларусі.

Апошнія навіны