BE RU EN

Востраў Мэн мог быць пасярэднікам для беларускіх кампаній

  • 22.11.2012, 10:20

Востраў, які далучыўся да санкцый ЕЗ, з'яўляецца афшорнай зонай.

«Я не ў курсе, ці былі нейкія эканамічныя адносіны паміж краінамі. Я спрабую ўявіць, хто б мог валодаць гэтай тэмай. Разумееце, цалкам верагодна, што банкі і фінансавыя інстытуты могуць мець нейкі бізнэс з беларускімі кампаніямі. Але яны не павінны казаць усім пра гэта», - распавядае «Еўрарадыё» Рэй Тод, менеджэр прававой бібліятэкі і мытна-акцызнага аддзела вострава Мэн.

Паводле яго слоў, увядзенне санкцый звязана з аналагічнымі мерамі ЕЗ.

«Беларускія кампаніі маглі б экспартаваць, напрыклад, сталёвую прадукцыю ў Індыю ці Афрыку пры пасярэдніцтве вострава Мэн», - кажа ён.

Цікава адзначыць, што востраў Мэн лічыцца афшорнай зонай. Але санкцыі з яго боку выкліканыя зусім не жаданнем замарозіць рахункі беларускіх кампаній, кажа эканаміст Леанід Заіка.

«Усе спасылкі на тое, што, напрыклад, нафтапрадукты набывала Велікабрытанія, сталі раздражняць. Тое ж самае і з Нідэрландамі. Тут, нарэшце, засаромеліся ўлады, што столькі нафтапрадуктаў прадалі праз гэты востраў. Ішлі пастаўкі, падтрымліваецца апошняя дыктатура Еўропы, калі карыстацца тэрміналогіяй Еўразвяза», - сказаў ён.

Эксперт прыводзіць у прыклад ЗША, якія, у адрозненне ад той жа Велікабрытаніі, цалкам перасталі набываць беларускія нафтапрадукты. А таксама дадае, што з прыняццем Мэнам санкцый супраць Беларусі наўрад ці нешта зменіцца.

«Справа ў тым, што бізнэс - гэта бізнэс. Калі я гандлюю бензінам, то для мяне не важна, хто такая спадарыня Эштан, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка альбо Пуцін. Я проста раблю бізнэс са сваім сябрам Фрыцам або Джонам. Не будзе вострава Мэн, будзе востраў Пэн. Якая розніца, там сотні гэтых афшораў», - кажа ён.

Нагадаем, востраў Мэн увёў эканамічныя і візавыя санкцыі супраць беларускага рэжыму некалькі дзён таму.

Апошнія навіны