BE RU EN

ЗША ўвялі санкцыі супраць яшчэ трох беларускіх кампаній

  • 16.05.2008, 12:37

Улады ЗША 15 траўня абвясцілі пра эканамічныя санкцыі супраць трох беларускіх прадпрыемстваў - "Беларускі нафтавы гандлёвы дом", "Лакафарба" і "Шкловалакно".

Актывы гэтых кампаній у ЗША, калі такія выявяцца, мусяць быць замарожаны, гаворыцца ў Бюлетэні Міністэрства фінансаў ЗША. Амерыканскім юрыдычным і фізічным асобам забараняецца падтрымліваць зносіны з гэтымі фірмамі.

Нагадаем, яшчэ 13 лістапада 2007 года Мінфін ЗША увёў санкцыі адносна канцэрна "Белнафтахім". У прыватнасці, яны прадугледжвалі замарожванне ўсіх змешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрна "Белнафтахім" і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-Эс-Гэй". Акрамя таго, амерыканскім бізнэсмэнам загадвалася ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

У сакавіку 2008 года былі апублікаваны ўдакладненні, паводле якіх пад дзеянне санкцыяў траплялі прадпрыемствы, дзе "Белнафтахім" валодае простым ці ўскосным прыбыткам памерам у 50% ці болей.

Пасля гэтага з Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы амбасадар Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка Менск з патрабавання беларускага боку пакінула амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Пасля амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. У адказ амбасада ЗША абвясціла аб прыпыненні разгляду заяваў на атрыманне і выдачу візаў. 27 сакавіка Менск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў.

31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне пра дадатковае скарачэнне персанала сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. ЗША адмовіліся яшчэ раз скарачаць колькасць сваіх супрацоўнікаў. 30 красавіка МЗС Беларусі абвясціў 10 амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон грата. 3 траўня яны пакінулі Беларусь.

Апошнія навіны