BE RU EN

«Разумееш, што ты не адна, за табой стаіць род»

  • 18.03.2023, 19:15

Як беларуска адсачыла свае каранi да пачатка 18 стагоддзя.

У эміграцыі Яўгенія зразумела, што трэба адшукаць сваіх продкаў. Па словах беларускі, савецкая ўлада забрала гэтыя веды ў народа, але пачаць і паспрабаваць знайсці продкаў ніколі не позна. Цяпер дзяўчына ведае імёны сваіх бабуль і дзядуль да 1710 года, якія аброкі плацілі дзяды, колькі сыноў і валоў мелі. Пра пошук сваіх каранёў Яўгенія распавяла EX-PRESS.BY.

Яўгенія — мінчанка, але зараз разам з сям’ёй жыве ў Вільні. Дзяўчына працуе ў ІТ-кампаніі прадукт-менеджэрам. У 2020 годзе сям’я прымала ўдзел у пратэстах, праз гэта ў пачатку 2021 года была заведзена крымінальная справа. Беларуска вымушана была з’ехаць з мужам, дачкой і сястрой, якая чатыры разы сядзела на сутках.

Сям’я апынулася ва Ўкраіне, там жа сустрэла вайну, разам з дачкой праз пэўны час Яўгенія з’ехала ў Вільню. Муж беларускі далучыўся да палка Каліноўскага, але зараз сышоў з войска і таксама жыве ў Вільні.

«Цяпер ведаю, што мой сем разоў прадзед Цімох Булаўскі нарадзіўся ў 1710 годзе і жыў у Жодзіна па вуліцы Мінскай»

Тэма продкаў дзяўчыну цікавіла даўно, але з 2020 года — яшчэ больш:

— З’явілася разуменне, што беларусы так выхаваны, можа нават праз сістэму адукацыі, што ставяцца з невялікай цікавасцю да сваёй гісторыі, мінулага, продкаў. А што там было? Усе прыгонныя сяляне, што там размаўляць. Але ж гэта не так.

Узімку 2023-га я паехала да сяброўкі Паліны ў Польшчу. Яна сустрэла мяне, і адно з першых яе пытанняў было такое: ці ведаеш, адкуль пайшло маё прозвішча? Я не ведала, але аказалася, што прозвішча Муха — ад Мухамеда. Высветлілася, што ў Паліны татарскія карані, а ў яе матулі ў простай мінскай кватэры ўвесь час захоўвался малебнік на беларускай арабіцы. Я зразумела, што трэба пачаць вывучаць і мне свой род.

Пачала гераіня з пошука ў інтэрнеце, і ёй вельмі пашанцавала. Яна хутка знайшла ў Facebook суполку, дзе жанчына-гісторык з Жодзіна ў свой час адшукала ўсе метрычныя кнігі і зрабіла іх лічбавыя копіі, сабрала на адным гугл-дыску і выклала ў агульны доступ.

— Я ведала прозвішча дзеда па-бацьку — Булаўскі. Адшукала і адсачыла продкаў у метрыках па запісах аб нараджэнні дзяцей, дзе пазначаны бацькі, крок за крокам адшукала восем каленаў свайго роду. Былі блытаніцы паміж сваякамі, стрыечнымі братамі, бо ў вялікіх сем’ях часам дзяцей называлі аднолькава. Потым усталявала ўсё лагічна. Цяпер ведаю, што мой сем разоў прадзед Цімох Булаўскі нарадзіўся ў 1710 годзе, жыў у Жодзіна па вуліцы Мінскай, у яго былі 4 сыны, 3 кані, 2 валы. Гэта быў прыгонны селянін, ведаю, якую ён заплаціў чыншу.

Яўгенія падкрэслівае, што яе дзяды — не шляхта, не паны, не князі, але для яе важна ведаць іх імёны, якая ў іх была гаспадарка:

— Гэта дае моцы. Ты разумееш, што ты не адна, за табой стаіць род, што б не адбывалася. Гэта тое, што ніхто не забярэ ў цябе. Я працягваю гісторыю.

«Муж даведаўся, што разам з братом яго прадзед быў рэпрэсаваны за анцісавецкую дзейнасць, яны правялі 10 гадоў у ссылцы»

Як распавядае гераіня, першыя звесткі пра Жодзіна з’яўляюцца ў сярэдзіне 17 стагоддзя. Цяпер беларуска хоча даведацца, як першы Цімох з’явіўся ў Жодзіна, бо ён першы Булаўскі ў гэтым горадзе:

— Хутчэй за ўсё ён быў выкуплены панамі і прывезены туды, таму што яго бацькоў у рэвізаўскіх казках няма. Я зрабіла запыты ў Нацыянальны гістарычны архіў у Гродна, чакаю адказы. Пакуль чакаю, шукаю продкаў па іншай галіне. Прозвішча Галіеўскі мае польскае паходжанне. Ведаю, што нарадзіўся ён у беларускай вёсцы Сычы, што на мяжы, а тэрыторыя гэта была польскай.

Дзяўчыне зноў пашанцавала:

— Ёсць такі сайт Familysearch.org, праз яго выйшла на сям’ю Галіеўскіх. Пакуль толькі да 19 стагоддзя дайшла. Шукаю далей, але ўжо ведаю, што продкi былі праваслаўнымі і прыгоннымі сялянамі.

Задумкай Яўгеніі заразіўся і муж, ён пачаў шукаць сваіх бабуль і дзядуль і знайшоў інфармацыю, што яго прадзед быў рэпрэсаваны:

— Даведаўся з сайта memo.ru. Разам з братом прадзед быў рэпрэсаваны за анцісавецкую дзейнасць, яны правялі 10 гадоў у ссылцы, пасля чаго вярнуліся, былі рэабілітаваныя пазней.

«Мы не ведаем сваіх продкаў, у нас гэта забралі, але мы можам выправіць гэту сітуацыю»

Адначасова мінчанка спрабуе шукаць продкаў і па матчынай лініі. Яе бабуля з Вілейкі, і ніякіх звестак у інтэрнеце не атрымалася знайсці.

— Ужо вырашыла падаваць запыты ў архівы, але гэта грошы, спачатку трэба пашукаць у інтэрнеце і апытаць жывых продкаў, бацькоў, бабуль. Прозвішча бабулi Лаўрыновіч, яна была з Вілейкi. Высветлілася, што Вілейскі ўезд знаходзіўся ў Віленскай губерніі, таму ўсе архівы, якія датычацца жыхароў Вілейкi, знаходзяцца ў Вільні. Ведаю, у які час працуюць архівы, і на наступным тыдні збіраюся шукаць звесткі пра сваіх продкаў.

Напрыканцы размовы гераіня падзялілася важнай думкай:

— Хачу сказаць беларусам і беларускам, якія знаходзяцца за мяжой. Ведаю, што шмат хто вініць сябе за тое, што, напрыклад, не можа прыехаць на пахаванне бабуль ці дзядуль. Гэта і мая гісторыя — бабуля памёрла ў 2021 годзе, але я не магла вярнуцца на пахаванне. Тое, што раблю цяпер: шукаю інфармацыю пра яе, пра яе бацькоў, пра яе сям’ю, пра тое, як яны жылі, — важна для яе таксама. Мне падаецца, яна глядзіць на мяне і думае, як класна я прыдумала. Мне хочацца ў гэта верыць.

Савецкія ўлады знішчылі гэтую гістарычную памяць, мы не ведаем сваіх продкаў, у іншых краінах, у Грузіі, напрыклад, натуральна ведаць сем каленаў свайго рода. У нас гэтага няма, гэта забралі, і трэба зараз выправіць гэтую сітуацыю. Шукайце сваіх продкаў!

последние новости