BE RU EN

Івонка Сурвіла: Янка Запруднік шмат зрабіў, каб у свеце не забываліся пра беларусаў

  • 26.05.2022, 23:49

Старшыня Рады БНР – пра аднаго са старэйшых дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША.

Пра аднаго са старэйшых дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША Янку Запрудніка, які памёр ва ўзросце 95 гадоў, узгадвае старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.

«Вестку пра смерць Янкі Запрудніка ўспрыняла з глыбокім смуткам, бо адышоў у Вечнасць чалавек, якога ведала з юнацтва, — перадае словы Івонкі Сурвіла Свабода. — У тыя гады спадар Янка быў паплечнікам старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка».

Старшыня Рады БНР адзначыла, што Запруднік быў не толькі знаны гісторык, прызнаны аўтар публіцыстычных артыкулаў, але і актыўны грамадскі дзеяч.

«Цягам сваёй шматгадовай дзейнасці ў Радзе БНР Янка Запруднік вельмі шмат зрабіў для таго, каб у свеце не забываліся пра беларусаў, пра беларускі народ і ягонае права на сваю незалежную дзяржаву, — кажа Івонка Сурвіла. — Я да яго часта звярталася па парады і заўсёды атрымлівала кваліфікаваную дапамогу. Ён быў вельмі адказным чалавекам, а таксама чулым, добрым сябрам. Вечная памяць».

последние новости