BE RU EN

На Беласточчыне адбудзецца фестываль Абуджаных «Тутака»

  • 19.07.2021, 19:49

Фестываль адбудзецца на месцы былога «Басовішча».

На лясной палянцы Борык ля мястэчка Гарадок на Беласточчыне 6 і 7 жніўня пройдзе фестываль Абуджаных «Тутака». Звяртаючыся да спадчыны слыннага «Басовішча», новая культурная падзея — «праява салідарнасці з беларускім народам, які змагаецца за свабоду», піша wyborcza.pl.

Арганізатарам новага фестывалю з’яўляецца падляшскі фонд Тутака, які летась спрычыніўся да канцэрту салідарнасці «Сэрцам з Беларуссю» ды сёлета — да мерапрыемстваў Міжнароднага тыдня беларускай культуры. Мэта арганізацыі — папулярызацыя беларускай культуры і падтрыманне польска-беларускіх кантактаў, звяртанне да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

А таксама арганізатары, кажучы пра новы фестываль, звяртаюцца да спадчыны слыннага фэсту беларускай рок-музыкі «Басовішча», які ладзіўся ля мястэчка Гарадок на Беласточчыне з 1990-га году. Гэты досвед абуджэння «духу свабоды», па іх меркаванню, быў неацэнны.

— 30 гадоў таму «Басы» абудзілі беларусаў Падляшша з гонарам гаварыць пра сваю ідэнтычнасць і выказваць яе праз сучасную музыку і бел-чырвона-белыя колеры свабоднай Беларусі, — цытуюць словы фонду wyborcza.pl.

— Падзеі мінулага года ў Беларусі, а таксама пастаянная барацьба яе грамадзян за ўласную свабоду і годнасць, тым больш апраўдваюць неабходнасць такога фестывалю, — падкрэслівае прадстаўнік фонду Павел Станкевіч, звяртаючыся ўжо да сучаснасці. — Мы хочам яшчэ раз паказаць, што падтрымліваем выбар беларусаў і беларусак, іх жаданне жыць у свабоднай дзяржаве.

— Мы запрашаем да ўдзелу ў фестывалі арганізацыі беларускай меншасці, якія дзейнічаюць у Польшчы. Кожны з іх уносіць бачны ўклад у развіццё культуры нашага рэгіёну, у агульную беларускую культуру, узбагачаючы тым самым польскую культуру, — заклікае Павел Станкевіч.

Падзея гэтаксама мусіць стаць нагодай «адзначыць гадавіну выбуху беларускай сацыяльнай рэвалюцыі».

«Гэта будзе і гадавіна фарміравання вялікай нацыі», — выказалі свае стаўленне да працэсаў у Беларусі арганізатары фестывалю.

Склад удзельнікаў фэсту пакуль удакладняецца.

последние новости